Калектыў работнікаў ФАКу “Друць” адзначыў дзевяцігоддзе

Чернова цветКалектыў работнікаў ФАКу “Друць”  12 верасня адзначыў дзевяцігоддзе з пачатку сваёй дзейнасці. Аб запатрабаванасці, паслугах і новаўвядзеннях спарткомплексу расказала падчас прэс-канферэнцыі яго дырэктар Таццяна ЧАРНОВА.

– Таццяна Уладзіміраўна, раскажыце, наколькі запатрабаваны сёння паслугі ФАКу “Друць”?

– Як правіла, у летні перыяд наведвальнасць прыкметна зніжаецца. Жыхары раёна падчас адпачынкаў раз’язджаюцца, дзеці знаходзяцца ў аздараўленчых лагерах, у бабуль з дзядулямі. Астатнія цёплымі летнімі днямі бавяць свой вольны час на рэках і азёрах. У сувязі з гэтым колькасць наведвальнікаў меншая. Але ў гэты час у комплексе займаюцца дзеці, якія прыязджаюць у летні аздараўленчы лагер, які функцыянуе штогод на базе МЦ “Ветразь”. А ўжо з надыходам восені людзі зноў пачынаюць актыўна прыходзіць у ФАК. У асенне-зімовы перыяд басейн, трэнажорная зала, більярд з’яўляюцца самымі запатрабаванымі.

– Першапачаткова для наведвання басейна патрабавалася даведка на допуск з паліклінікі. З цягам часу гэта адмянілі. З чым звязана?

– Перш за ўсё з тым, што ўстанова аховы здароўя адмовілася выдаваць такія даведкі. І, да таго ж, у нас працуе свая медсястра, якая перад уваходам у басейн аглядае кожнага наведвальніка. Лічу, што для людзей, якія прыходзяць да нас з мэтай паплаваць, гэта вялікі “плюс” – не трэба нікуды дадаткова хадзіць.

– Што вы сёння можаце прапанаваць жыхарам раёна?

– На самой справе, у ФАКу шмат паслуг. Акрамя басейна, працуюць трэнажорная і гульнёвая залы, таксама фітнес-зала, прадстаўляем сталы для гульні ў більярд, настольны тэніс, шашкі, шахматы, у летні перыяд – пляцоўку для вялікага тэніса. Карыстаецца попытам і вулічная пляцоўка для міні-футбола. Функцыянуе саўна. У зімовы перыяд заліваем каток, які, дарэчы, вельмі запатрабаваны ў бялынічан. Працуе пункт пракату ролікавых канькоў; турыстычных палатак, спальных мяшкоў, дыванкоў, рукзакоў; самакатаў. У будучым плануем закупіць для пракату яшчэ і веласіпеды. Маецца цір, дартс. І гэта яшчэ далёка не ўсё, што ёсць у нашым спісе паслуг.

– Якія новаўвядзенні з’явіліся за апошні час?

– Апошняй з’явілася аквааэробіка. Нягледзячы на тое, што гэту паслугу мы прапануем адносна нядаўна, яна паспела стаць папулярнай.

Неўзабаве плануем адкрыць групу па дзюдо для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў на платнай аснове. У дзіцячай юнацкай спартыўнай школе ёсць такія групы, але туды набіраюць дзетак толькі з 7 гадоў.

– Ці могуць наведвальнікі басейна навучыцца плаваць пад кіраўніцтвам інструктара?

– Безумоўна. Тым, хто не ўмее плаваць, за дадатковую плату прапаноўваем надзіманыя кругі, нарукаўнікі і камізэлькі. Нашы інструктары ўвесь час знаходзяцца каля басейна, дапамагаюць наведвальнікам навучыцца плаваць, даюць парады, як правільна трымацца на вадзе, разлічваць свае сілы. Тады і падчас адпачынку на вадаёме з імі не здарыцца трагедыі, і ад плавання яны атрымаюць вялікае задавальненне.

– Як часта мяняеце ваду ў басейне?

– Чыстка басейна і замена вады праводзіцца, як правіла, адзін раз у год. Нядаўна правялі гэту працэдуру, запоўнілі басейн чыстай вадой. Зараз ён працуе ў штатным рэжыме.

– Як часта ў вас праводзяцца спаборніцтвы і               якога ўзроўню?

– У нашай спартыўнай зале займаюцца гандболам навучэнцы ДЮСШ, міні-футболам – выхаванцы МЦ “Ветразь”. Для правядзення раённых круглагадовых спартакіяд сярод працоўных калектываў выкарыстоўваецца спартыўная зала. Таксама прадстаўляем базу ФАКу для правядзення чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь па гандболе сярод жаночых каманд, матчавых сустрэч. У гэтым годзе да нас прыязджала на зборы маладзёжная каманда з Санкт-Пецярбурга. Зала вялікая, таму яна ўвесь час запатрабаваная.

– Ці ёсць розніца ў цэнах на вашы паслугі для дзяцей і дарослых?

– Дзеці да 10 гадоў плацяць меншую суму, згодна прэйскуранта, а ўжо з 10 – аплачваюць поўны кошт паслуг.

Гутарыла Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *