Прэм’ера фільма «Скарына. Дзеля Бога і людзей» адбудзецца на «Беларусь 3» 28 верасня

Прэм’ера мастацка-публіцыстычнага фільма «Скарына. Дзеля Бога і людзей» адбудзецца ў тэлеэфіры «Беларусь 3» 28 верасня, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

000027_1505991133_big

Фільм вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі з’яўляецца знакавым для ўсёй краіны. Кожны беларус чуў імя першадрукара, але гэтым, як правіла, і абмяжоўваюцца веды пра Францыска Скарыну. Аўтары фільма пакажуць, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апанаваны, чаму быў нязручным для грамадства.

Дакументальнае кіно «Скарына. Дзеля Бога і людзей» увабрала архіўныя звесткі, пастановачныя кадры, якія адлюстроўваюць падзеі XVI стагоддзя, разважанні гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. Гэта 4 серыі па 26 хвілін, дзе не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плям, а паказаны розныя варыяцыі падзей таго часу.

Сучасны святлодыёдны экран памерам 200 кв. м і прафесійнае абсталяванне студыі даюць магчымасць трапіць у Пражскую бібліятэку, у Вільню ці ў Маскву ў полымі. Для стварэння атмасферы Рэнесансу мастакі перагледзелі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. На здымачнай пляцоўцы былі адноўлены адпаведныя часу касцюмы, бутафорскія друкарскі станок і фаліянты скарынаўскіх выданняў. У фільме не раз з’яўляюцца пясочны гадзіннік і драўлянае кола як сімвалы бесканечнасці. Спецыяльна для дакументальнага кіно быў запісаны саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.

Рэжысёр Андрэй Леўчык паставіў задачу паказаць першадрукара маладым і адукаваным, сучасным і цікавым гледачу. У пастановачных кадрах выкарыстаны тэатральныя прыёмы, калі маладыя людзі ў джынсах і майках апранаюць дэталі касцюмаў рэнесанснай эпохі, каб стварыць кампазіцыю.

Фільм — не гістарычная інсталяцыя, а тэатральнае ўзнаўленне падзей. У гледача з’явіцца магчымасць не толькі больш даведацца пра Скарыну, але і пафантазіраваць, як ён мог выглядаць сёння, ці магла адбыцца сустрэча полацкага генія з роданачальнікам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам, кім першадрукар мог стаць у ХХІ стагоддзі — айцішнікам ці прадпрымальнікам.

«Скарына. Дзеля Бога і людзей» — чатырохсерыйны фільм. Першая серыя мастацка-публіцыстычнага фільма ў эфіры сацыякультурнага канала «Беларусь 3» выйдзе 28 верасня ў 19.30.

БелТА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *