Ганна КРУПЕНІК працуе на пошце ўжо больш за 10 гадоў

Ці задумваліся вы, колькі кілаграмаў газет і часопісаў пераносіць на сваіх кволых плячах кожны месяц паштальён? А тым часам амаль кожны дзень у скрыні падпісчыкаў апускаюцца свежыя нумары газет, у тым ліку і любімай раёнкі… Ганна КРУПЕНІК працуе на пошце ўжо больш за 10 гадоў.

почта

І хоць Ганна Васільеўна мае прафесію бухгалтара, лёс склаўся інакш. Некаторы час працавала прадаўцом, але і гэта справа не прыносіла ёй асаблівага задавальнення.

– Больш за ўсё падабаецца лад жыцця, які дыктуе работа: па-першае, не сяджу на адным месцы, заўсёды шмат рухаюся; па-другое, падтрымліваю зносіны з людзьмі, ведаю ўсіх на сваім участку, які абслугоўваю, – распавядае Ганна Крупенік.

Шлях, што прывёў яе да гэтай працы, быў даволі пакручасты. Але цяга да чытання, ведаў прысутнічала заўсёды. У часы маладосці яна выпісвала да дваццаці розных найменняў газет і часопісаў, якія прачытваліся ад першай да апошняй старонкі вельмі хутка. Нават калі тата позна ўвечары тушыў электрычнасць, працягвала чытаць ад святла, якое трапляла ў яе пакой з прыхожай.

Зараз для яе наступіла сапраўднае раздолле: можна праглядаць усе газеты і часопісы, якія праходзяць праз паштовы пункт. Для Ганны Васільеўны гэта вялікі плюс яе работы. Наконт таго, што даецца ёй цяжэй за ўсё, жанчына кажа так:

– Вельмі баюся навальніцы. Людзі чакаюць газету ці пенсію незалежна ад надвор’я… Хоць і страшна, але прыходзіцца ісці да падпісчыкаў нават калі бліскае маланка.

Адной з самых папулярных газет у чытачоў застаецца наша раёнка. Ганна Васільеўна сама вельмі любіць яе, таму прапануе ўсім.

– Здзіўляюся, калі людзі адмаўляюцца ад падпіскі без асаблівай прычыны. Пачынаю тлумачыць, што ў газеце шмат цікавага, і, галоўнае, – аб родным краі. Лічу, што без мясцовых навін заставацца нельга, – тлумачыць жанчына сваю пазіцыю.

Разам з Ганнай Васільеўнай карэспандэнт “Зары над Друццю” адправілася разносіць пошту. Шчыра кажучы, хацелася пабачыць, як выпісваюць нашу газету, а калі не, дык запытаць, чаму. Можа, чагосьці не хапае ў выданні? Ці мы, журналісты, не дапрацоўваем?

Першай завіталі да Марыі КУРСЕВІЧ. Жанчына выпісвае “Зару над Друццю” некалькі дзясяткаў гадоў.

– Цікаўлюся не толькі раёнкай, але і рэспубліканскай прэсай, часопісамі. Чытаю ўсё ад першай старонкі да апошняй. Яшчэ часта віншую блізкіх у нашай газеце. У ёй падабаецца ўсё: і рэцэпты, і навіны, і жыццёвыя гісторыі.

А вось Марына П. раёнку не чытае. Тлумачыць гэта так:

– Я прыехала сюды з Украіны 6 гадоў таму, знаёмых у мяне тут вельмі мала, ды і пра раён амаль што нічога не ведаю. Больш цікавіць жыццё ва Украіне, гэта ж мая радзіма.

– Пра мясцовыя навіны можна пачытаць толькі ў раённай газеце, а гэтым я цікаўлюся, – кажа жыхарка Бялыніч Ніна Л. – Яшчэ вельмі падабаецца, што яна выходзіць на беларускай мове.

Паважаныя чытачы! Заставайцеся з раёнкай і надалей. Будзьце ў курсе ўсіх мясцовых падзей. А мы, журналісты, пастараемся зрабіць так, каб час, праведзены за чытаннем “Зары над Друццю”, быў для вас максімальна карысным і насычаным.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *