Адна справа на дваіх

Да індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці прыходзяць рознымі шляхамі. Такім прыкладам сталі Анжэла і Мікалай МЯЦЕЛІЦЫ. Іх сямейны занятак – цэнтр Velcom, пункт продажу life і яшчэ некалькі павільёнаў у гандлёвым цэнтры “Крокус”. Гісторыяй стварэння свайго бізнесу яны падзяліліся з карэспандэнтам раёнкі.

анжеліка

Камерцыйнай дзейнасцю ў сям’і пачаў займацца Мікалай. Дагэтуль ён арганізоўваў музычныя часткі вяселляў і зарабляў нядрэнна. Нават праводзіў мясцовую дыскатэку. Аднак з крызісам у 1998 годзе ўсё перамянілася: буйныя святы сталі ладзіцца значна радзей. Выхад знайшоўся ў тым, каб пачаць гандляваць бытавой тэхнікай і музычнымі касетамі. Адукацыя радыётэлемайстра толькі дапамагала яму: не было складанасцей з тым, каб разабрацца, як падключаюцца і настройваюцца розныя бытавыя прылады.

Анжэла, наадварот, заўсёды марыла аб тым, каб стаць псіхолагам.

– Я вывучылася на сакратара-рэферэнта і бібліятэкара. Планавала пайсці вучыцца ў ВНУ, але не атрымалася, як хацела. Аб тым, што не набыла адукацыю псіхолага, шкадую, бо да гэтага часу здаецца, што гэтая прафесія прыйшлася б якраз па мне.

У 2003 годзе да мужавага занятку далучылася і сама: пачала гандляваць кнігамі і канцылярскімі таварамі. Знайсці працу па спецыяльнасці было даволі складана, таму пачала актыўна дапамагаць Мікалаю. За апошнія 14 гадоў сямейная справа пашырылася. Зараз, праўда, кнігамі не гандлююць, вялікага попыту сярод пакупнікоў  на іх няма.

Некалькі гадоў таму пачалі працаваць з аператарам сувязі life, заключылі дагавор з фірмай, сталі іх паверанымі асобамі. Справа вельмі зацікавіла. Тады задумаліся: чаму б не заняцца яшчэ адной мабільнай сеткай? Так заключылі кантракт з аператарам сувязі Velcom, бо ён стабільна карыстаецца попытам па ўсёй краіне. Ды і пракансультаваць кліента па пытаннях тэхнічных характарыстык мабільных прылад і навінак Анжэла можа на самым высокім узроўні: вопыту хапае. Дапамагае таксама з падключэннем на зручны тарыфны план альбо набыццём мабільных прылад у растэрміноўку.

Дарэчы, зараз у ІП “Мяцеліца” тры гандлёвыя кропкі. Акрамя цэнтра Velcom і салона сувязі life, гандлююць канцтаварамі, дзіцячымі цацкамі, маецца гандлёвая кропка па продажы гаджэтаў да камп’ютараў і іншых дробязей для дарослых “дзетак”. У планах на будучыню – толькі пашыраць тое, што напрацавана да гэтага часу.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *