Сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначыла ветэран культуры раёна Марыя КАВАЛЁВА

Сёлета свой 80-гадовы юбілей адзначыла ветэран культуры раёна Марыя КАВАЛЁВА. На працягу дваццаці сямі гадоў яна працавала загадчыцай Мокравіцкага сельскага клуба, а ўвесь яе працоўны стаж налічвае амаль сорак гадоў.

кав

Марыя Міхайлаўна нарадзілася і вырасла ў Мокравічах. Адразу пасля заканчэння школы пачала працоўны шлях у роднай гаспадарцы. Выконвала абавязкі звеннявой па вырошчванні кукурузы. За сумленную і плённую працу была заахвочана ўдзелам у ВДНГ.

Праз некаторы час Марыя Кавалёва паступіла вучыцца на завочнае аддзяленне культурна-асветніцкага вучылішча імя Н.К. Крупскай. У 1968 годзе яна ўзначаліла калектыў Мокравіцкага сельскага клуба, дзе працавала да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

Фальклорны ансамбль, які дзейнічаў ва ўстанове пад яе кіраўніцтвам, быў добра вядомы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У ім у розныя часы ўдзельнічалі сямнаццаць жанчын, улюбёных у народную песню да глыбіні душы. Яны працавалі па розных спецыяльнасцях: паляводамі, даяркамі, прадаўцамі… Але часцінку свайго вольнага часу абавязкова прысвячалі мастацкай самадзейнасці.

Самадзейныя артысты фальклорнага ансамбля Мокравіцкага сельскага клуба з канцэртамі аб’ездзілі ўвесь раён, выступалі ў сельскіх  установах культуры, перад механізатарамі і паляводамі, на народных святах… Спявалі яны і для працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў Магілёва, запісваліся на рэспубліканскім радыё. І, канечне, прымалі ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядах-конкурсах, аб чым сведчаць шматлікія ганаровыя граматы.

З любоўю і падзякай успамінае Марыя Міхайлаўна ўсіх удзельніц самадзейнага калектыву, работнікаў культуры, разам з якімі калісьці працавала.

– І яны не забываюць мяне, – расказвае пенсіянерка. – Вось і сёлета работнікі РЦК наведалі напярэдадні юбілею, павіншавалі са святам, падарылі кветкі.

Тэкст і фота

 Ігната ШУМЕЙКІ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *