Калектыў ДУК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка” адзначыў прафесійнае свята

Калектыў ДУК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка” адзначыў прафесійнае свята. Да Дня бібліятэк яны рыхтаваліся загадзя: арганізавалі дзень адкрытых дзвярэй “Бібліятэка – храм ведаў, скарбніца мудрасці”, падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў, упрыгожылі кожнае памяшканне бібліятэкі. Таму ва ўстанове ў той дзень панавала святочная атмасфера.

искусство_2

Пра тое, што інтэрнэт хутка заменіць друкаваную кнігу, чула не раз. Але ўсё ж такі, у глыбіні душы, заўсёды спадзявалася, што ў бібліятэках яшчэ ёсць пастаянны чытач. Бо розніца ў друкаваным і электронным варыянце каласальная. Што можа быць прыемней, чым чытанне любімай кнігі за кубачкам гарбаты ці пад святло лямпы на ноч? Калі бярэш кнігу ў рукі, адчуваеш яе пах, дакранаешся да кожнай старонкі, чаго не скажаш пра сучасныя гаджэты.

Не стану спрачацца, што, напрыклад, у дарозе, каб не цягнуць з сабой кнігу ці газету, можна адкрыць і прачытаць што-небудзь у тэлефоне. Але, на мой погляд, сапраўдную кнігу яшчэ нішто не замяніла. Як вы адзначыце ў тэлефоне цытату, якая вам спадабалася? Або сказ, на якім скончылі чытанне, каб працягнуць наступны раз?.. Ніяк! Таму не падманвайце самі сябе. Калі і вырашылі пачытаць, то схадзіце ў бібліятэку і вазьміце патрэбную вам кнігу. Тым больш, што там працуюць добрыя і спагадлівыя супрацоўнікі, якія рады дапамагчы кожнаму чытачу. У гэтым асабіста пераканалася падчас мерапрыемства, прымеркаванага да Дня бібліятэк.

баба

У фае мяне сустрэлі гаспадары – баба з дзедам, якія сядзелі на лаўцы і віталі кожнага наведвальніка. Побач з імі размяшчалася краязнаўча-этнаграфічная кампазіцыя “Ёсць хлеб – будзе і песня”. А ў самой зале пастаянная наведвальніца бібліятэкі Ала БЯЗМЕН удзельнічала ў выставе-сюрпрызе “Кніга збірае сяброў”. Па яе словах, тут яна часты госць.

– Бяру кнігі для сябе і бацькоў, – сказала Ала Бязмен. – Сёння завітала, зусім не ведаючы, што праходзіць дзень адкрытых дзвярэй. Прыняла ўдзел у выставе-сюрпрызе. Пайду паглядзець, якая ж кніга мне патрапіла.

Кожны чытач, які наведваў у той дзень бібліятэку, даставаў з загадзя падрыхтаванай бляшанкі нумар. І яму выдавалі кнігу. Сюрпрыз заключаўся ў тым, што чытач не ведаў, менавіта якую ён атрымаў, а па ўмовах гульні распакаваць яе дазвалялася толькі дома.

– Кнігі для выставы-сюрпрыза мы падбіралі старанна. Спадзяёмся, што ўдзельнікам яны спадабаюцца. Даведаемся пазней па водгуках, – расказала аб правілах гульні загадчык аддзела абслугоўвання і інфармавання Жанна САНЬКОВА.

Безимени-1

Таксама ў гэтай зале праходзіла выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці чытачоў і работнікаў бібліятэкі “Фантазія сваімі рукамі”.

Праводзілася ў той дзень і дабрачынная акцыя “Імя на кнізе”. Чытачы маглі падарыць бібліятэцы кнігу, а на яе фарзацы напісаць свае пажаданні і ўласнае прозвішча.

– Шмат кніг падарыла бібліятэцы былы яе работнік Ларыса КУЛЯШОВА, – адзначыла Жанна Санькова. – Ларыса Міхайлаўна доўгі час шчыравала ў дзіцячай бібліятэцы, а цяпер часта заходзіць да нас у госці і перыядычна дорыць кнігі.

Дарэчы, у раёне налічваецца 14 сельскіх бібліятэк, цэнтральная і філіял дзіцячай бібліятэкі.

– Сучасная бібліятэка ўжо не такая, як была раней, – адзначыла дырэктар бібліятэчнай сеткі раёна Ірына КОННАВА. – Сёння нашы ўстановы працуюць у рамках розных праектаў. Бібліятэкары імкнуцца ісці ў нагу з часам і таму ў іх заўсёды знаходзіцца свой чытач.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *