За мір на ўсёй планеце

У рамках Тыдня міру для выхавання ў падрастаючага пакалення патрыятызму, пачуцця салідарнасці, талерантнасці і гонару за сваю краіну, РК ГА “БРСМ” сумесна з работнікамі раённага Цэнтра культуры правялі шэраг мерапрыемстваў.

газета

У нашай краіне традыцыйна Дзень міру адзначаецца ў трэці аўторак верасня. Таму менавіта ў гэты дзень прайшоў першы этап мерапрыемстваў, у якіх паўдзельнічалі старшакласнікі абедзвюх школ нашага горада.

У РЦК быў арганізаваны майстар-клас па вырабе з паперы “Голуба міру” і “Японскага жураўліка”, які праводзіла настаўніца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ДШМ Наталля БАНКУЗАВА. Раённая бібліятэка прадставіла да ўвагі інфармацыйную зону “Пачытаем, пагаворым пра мір і вайну”, на якой бібліятэкар Наталля САМАСЕЕВА правяла віктарыну “Мір і вайна”. За кожны правільны адказ навучэнцы  атрымлівалі салодкія прызы. Пытанні былі не зусім лёгкія, але дзеці хутка знаходзілі на іх адказы. Таксама ў фае РЦК можна было прыняць удзел у напісанні спецыяльнага выпуску насценгазеты “Я – гражданин МИРА! Ради МИРА я готов…”. Завяршыўся першы этап адкрытым дыялогам “Моладзь за мір і развіццё”.

мастер

Мадэратарамі яго выступілі в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Наталля БАРОДЗЬКА і метадыст РЦК Людміла КУРАНКОВА. У якасці экспертаў былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Віктар АРЖАНІКАЎ і педагагічнай працы Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ, старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Таццяна МЯКШЫНА, кіраўнік клуба ветэранаў “Надежда” Алена КУРАНОК, старшыня РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктар ПАДОЛЬСКІ і начальнік групы прызыву ваеннага камісарыята аб’яднаных раёнаў Павел ГАРБАЧОЎ.

стол

Таццяна Мякшына нагадала, што Цяхцінскі ВПК ДС СШ з’яўляецца адной з чатырох Школ Міру нашай краіны.

– Сёння мы ўсе ведаем, што ў свеце не спакойна, – адзначыла яна. – Таму павінны прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб быў мір ва ўсім свеце.

Віктар Аржанікаў расказаў пра жахі вайны, якія назіраў сваімі ж вачыма. Звяртаючыся да моладзі, ён прасіў іх берагчы мір усімі сродкамі і нагадаў вядомую цытату “Лепш дрэнны мір, чым добрая вайна”.

Пра вайну не па чутках ведае і Віктар Падольскі. Ён быў удзельнікам ваенных дзеянняў у Афганістане. Ведаючы цану жыцця, Віктар Іванавіч данёс да вучняў, што ім лепш ніколі не бачыць таго, што адбывалася ў той ваенны час.

– Мы нарадзіліся для таго, каб жыць у мірнай і спакойнай краіне, – адзначыў эксперт. – Гэты мір мы ствараем самі сваімі маленькімі поспехамі.

Школьнікі ўважліва слухалі выступоўцаў, задавалі пытанні, удзельнічалі ў гульнях.

Дарэчы, 21 верасня ў РЦК адбыўся канцэрт “Мір праз культуру”, а 23 верасня прайшла падлеткавая дыскатэка “Мы за мір на ўсёй планеце” і маладзёжная – “Я галасую за мір”.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *