23 і 24 верасня адбылася другая пілігрымка каталіцкіх вернікаў з Магілёва ў Бялынічы

23 і 24 верасня адбылася другая пілігрымка каталіцкіх вернікаў з Магілёва ў Бялынічы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Шлях

Больш за 100 чалавек зрабілі двухдзённае пешае падарожжа, каб выказаць словы любові і шчырай удзячнасці Богу за ўсё добрае, што адбывалася ў іх жыцці.

Па дарозе пілігрымы спявалі духоўныя псалмы, узносілі малітвы… Яны завіталі ў Княжыцы і Свяцілавічы, дзе іх сустракалі і далучаліся да падарожжа вернікі з навакольных сельскіх населеных пунктаў. Жадаючыя паўдзельнічаць у пілігрымцы прыехалі таксама з Оршы, Мінска, Віцебска, Асіповіччыны і Шклоўшчыны.

Затым у абноўленай капліцы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай адбылася ўрачыстая імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскага ардынарыя Алег Буткевіч. У прывітальным слове да паствы ён узгадаў гісторыю ўзнікнення мястэчка Бялынічы і адзначыў, што Прыдруцкі край адкрыўся для яго як яшчэ адно святое месца, атуленае ласкай найсвяцейшай Панны. А пілігрымка – яскравае сведчанне таго, што колькасць жадаючых далучыцца да Бялыніцкай святыні толькі расце.

Бут

Плануецца, што гэта падарожжа будзе штогадовым.

Святлана ГАЎРЫЛЕНКА, удзельніца пілігрымкі:

– Шлях ад Магілёва да Бялыніч, які прайшла пешшу, выклікаў у мяне асаблівыя ўзнёслыя пачуцці. У сэрцы пасялілася адчуванне, нібыта я іду дадому, у тое месца, дзе душа знаходзіць супакаенне. Сёлета шлях даўжынёй больш як у 40 кіламетраў мы пераадольвалі са старэйшым сынам. Ён яшчэ дашкольнік, таму значную частку шляху сядзеў у дзіцячым вазку, але атрымаў столькі пазітыўных эмоцый.

девочкиІрына і Сафія АНАНІЧ:

– У пілігрымку ў Бялынічы мы пайшлі ўпершыню. Штогод ездзім усёй сям’ёй на святочную імшу ў гонар Маці Божай Будслаўскай. Зараз вырашылі больш даведацца пра родную Магілёўшчыну і прайсці пешшу да Бялыніч. Тым больш, што такое цудоўнае надвор’е стаяла падчас падарожжа. Безумоўна, вельмі стаміліся, але гэта справа другасная. Галоўнае, што змаглі далучыцца да святыні і яшчэ крышачку наблізіцца да Бога.

Брат Дзяніс,

манах-дамініканін:

– У пешыя вандроўкі з вернікамі выпраўляўся не аднойчы. Кожная з іх – асаблівая. Будслаўская пілігрымка, напрыклад, стала ўжо святам рэспубліканскага маштабу. Падарожжа з Гродна ў Рось больш моладзевае і харызматычнае. А вось шлях з Магілёва ў Бялынічы вылучаецца, я сказаў бы, местачковасцю. У тым сэнсе, што тут усё блізкае і простае.

– Гэты год вельмі ўнікальны для каталіцкага касцёла, – распавёў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай епархіі Аляксандр ЯШЭЎСКІ, які адправіўся ў пілігрымку разам з вернікамі. – Сёлета мы святкуем і 500-годдзе выдання беларускай Бібліі, і 100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў. Гэта яшчэ дзве мэты, якія мы маем на ўвазе, адпраўляючыся ў пешыя падарожжы да святынь. Падчас пілігрымак людзі бліжэй схіляюцца сваімі сэрцамі да Бога, разумеюць усю важнасць Яго слова, імкнуцца стаць тым самым “пятым Евангеллем”, якім з’яўляецца жыццё верніка.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара

і Васіля ЦІТОВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *