Дрэва пазнання прарастае ў школьную пару

Сёлета Дзень настаўніка выпаў на 1 кастрычніка. А для настаўніцы нямецкай мовы Эсьмонскага ВПК ДС СШ Галіны ЦІХАНОВІЧ у гэтым годзе на першую нядзелю месяца прыходзіцца не толькі прафесійнае свята, але і юбілей – шасцідзесяцігоддзе. Больш за трыццаць гадоў яна аддала працы з дзецьмі ў Эсьмонскай школе.

ціхон

Галіна Васільеўна нарадзілася ў Магілёве. І, як гэта часта адбываецца, менавіта яе настаўніца нямецкай мовы, Інэса Сяргееўна СЕЛЯЗНЁВА, паўздзейнічала на далейшы выбар прафесіі сваёй вучаніцы. Зачапіла правакацыйнымі пытаннямі і метадамі выкладання. Дзяўчыне захацелася быць падобнай  на яе. Таму пасля сканчэння дзесяцігодкі паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на факультэт нямецкай мовы.

– Скончыўшы ВНУ, у 1981 годзе прыехала працаваць у школу ў Заазер’е, – распавядае пра свой жыццёвы шлях настаўніца. – У 1985 нам выдзелілі кватэру ў Эсьмонах. Пераехалі. Так тут і шчырую з таго часу.

Цяпер педагагічны стаж дазваляе дзяліцца сваімі назіраннямі і вопытам. Галіна Васільеўна шукае падыход  да кожнага вучня паасобку. Рабіць гэта дапамагае любоў да дзяцей, усе яны для яе як свае, родныя.

– Разлічваю на здольнасці вучняў. Для вывучэння замежнай мовы трэба шмат працаваць самастойна. Каб зацікавіць малодшых дзетак, прыдумваю розныя гульні. Напрыклад, хаваю ў класе запіску і тлумачу па-нямецку, як яе знайсці, – дзеліцца вопытам Галіна Ціхановіч.

Педагог заўсёды павінен расці прафесіянальна. Настаўніца прызнаецца, што любіць чытаць нямецкую літаратуру, раней выпісвала германскія газеты. А часопісы, якія дасылаў у школу Нямецкі культурны цэнтр імя Гётэ, зараз выкарыстоўваюцца на занятках. Як лічыць Галіна Васільеўна, замежная мова лепш засвойваецца праз СМІ, літаратуру, тэлебачанне. Вучні, калі ездзяць у нямецкія сем’і на аздараўленне, пачынаюць лепей валодаць мовай на побытавым узроўні. Пасля прыезду дадому распавядаюць, што ім там спадабалася, а што не. Але ў канцы часта гучыць фраза: “Усё роўна дома лепей…”.

Канечне, хочацца дазнацца, у чым жа сакрэт паспяховай настаўніцкай працы, бо яна, як вядома, нялёгкая, патрабуе шмат сіл і энергіі. Галіна Васільеўна распавядае пра гэта наступным чынам:

– Я не дазваляю сабе прынесці на працу дамашнія праблемы, як і не прыходжу дадому з негатывам, які назапасіўся за працоўны дзень. Акрамя таго, ніколі не дазваляю сваім вучням скардзіцца мне на іншых настаўнікаў.

Але, акрамя працы ў школе, спраў хапае: жанчына даглядае прысядзібны ўчастак, у свабодны час займаецца вязаннем. Ёсць для каго – падрастае чацвёра ўнукаў. З былымі вучнямі таксама падтрымлівае сувязь праз інтэрнэт. І хоць дзеці зараз, па словах настаўніцы, больш закрытыя, чым тыя, што былі напачатку яе працы, Галіна Васільеўна добра ўмее выбудаваць з імі адносіны. А некаторыя нават пасля школы вывучаюць замежныя мовы, абраўшы для сябе філалагічныя прафесіі.

Алена БЫКАВА.

Фота  аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *