З 18 па 24 верасня праваахоўнікі склалі 20 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 18 па 24 верасня праваахоўнікі склалі 20 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 12, за сямейны скандал – 3, дробнае хуліганства – 4, дробны крадзеж – 1.

Падпалілі. Жыхар аг. Іскра паведаміў у міліцыю, што нехта падпаліў каля яго дома два рулоны саломы. У злачынстве падазрае непаўналетніх, якія сваволілі непадалёк. Праводзіцца праверка.

Грыбнікі. 20 верасня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў лесе каля станцыі “Друць” заблукаў магіляўчанін. А 22 верасня яшчэ адзін грыбнік згубіўся ў лясным масіве каля Карытніцы. Праваахоўнікі адшукалі мужчын.

Не пабагацеў. Механізатар ААТ “Аграсэрвіс” нядоўга шукаў, дзе б яму разжыцца дармавым дызпалівам. Ён проста зліў яго з камбайна, які стаяў на машынным двары ў аг. Іскра. Супрацоўнікі міліцыі склалі на механізатара адміністрацыйны пратакол, ад якога кішэня злодзея значна палягчэе.

Хацеў памыцца? Жыхар Магілёва паведаміў у РАУС, што на яго лецішчы ў в. Сурды нехта абрабаваў лазню, скраў электрапілу, 2 падаўжальнікі, шампунь і пральны парашок. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Запаслівы злодзей. Жыхар аг. Вішоў паскардзіўся праваахоўнікам, што невядомы скраў з яго лецішча ў в. Сіпайлы бульбу і моркву.

Вось дык даў! У ЦРБ паступіла жанчына ў стане алкагольнага ап’янення з дыягназам: “рваная рана вуснаў”. Як яна патлумачыла праваахоўнікам, моцны ўдар па твары нанёс ёй брат мужа. Праверку праводзіць ААПП.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *