Лёс, звязаны сталёвымі рэйкамі

Не так даўно даведалася, што няштатны аўтар нашай раёнкі, былы мой настаўнік гісторыі (а ў звычайным жыцці яшчэ і добры сябра), жыхар аграгарадка Галоўчын Васіль ЦЫРКУНОЎ разам з жонкай – педагогам Галінай Канстанцінаўнай будуць адзначаць “залатое вяселле” – 50 гадоў сумеснага жыцця. З гэтай нагоды сустрэлася з Васілём Емяльянавічам, каб ён падзяліўся не толькі са мной, але і з чытачамі “Зары над Друццю”, сакрэтам свайго доўгага і шчаслівага шлюбу. Што ён з задавальненнем і зрабіў.

Вася2

 

Падчас працы над матэрыялам вырашыла пакінуць нашу гутарку як аповед ад першай асобы, не толькі як знак павагі да ўзросту і жыццёвай мудрасці героя, але і да яго сапраўдных мужчынскіх учынкаў.

Іншы раз думаю: што дапамагло нам з жонкай прайсці такі вялікі жыццёвы шлях? Шчырую праўду жыцця выклаў у сваім вершы адзін вядомы савецкі паэт:

Всё будет: слякоть и пороша,

Ведь вместе надо жизнь

прожить.

Любовь с хорошей песней

схожа,

А песню – нелегко сложить.

Зараз, заключаючы сямейны саюз, маладыя людзі абменьваюцца залатымі пярсцёнкамі. Але золата – лёгкаплаўкі і нетрывалы метал. Ці не таму ў апошні час шлюбы так лёгка распадаюцца, дый трывалымі некаторыя з іх можна назваць з вялікай нацяжкай. Наш з жонкай шлюб звязаны моцнымі сталёвымі рэйкамі даўжынёй у 20 кіламетраў.

ВасяВася 1Так выйшла, што развітацца з халасцяцкім жыццём вырашыў даволі позна і па сённяшніх мерках – у 27 гадоў. Крыху раней паклаў вока на прыгожую маладую студэнтку Галіну. Яна была родам з далёкай вёскі. Ажно цэлых 200 кіламетраў трэба было ехаць цягніком. Калі, звычайна, да нявесты засылалі сватоў, то ў маім выпадку аб іх і размова не вялася. Хто, як не сам я, павінен будаваць сваё шчасце?! Вось аднойчы жнівеньскай раніцай купіў білет, сеў у цягнік “Гродна-Калуга” і паехаў у невядомасць. Было гэта якраз на свята чыгуначнікаў, таму не буду ўтойваць, што адзначалі яго і праваднікі, і пасажыры. У Крычаве запытаўся ў правадніцы, калі мне выходзіць. Яна з усмешкай паказала два пальцы. Значыць, падумаў, праз два прыпынкі. За гадзіну да поўначы выйшаў на невядомай станцыі. Цягнік даў развітальны гудок, а я паспрабаваў сарыентавацца, дзе знаходжуся. У першай хаце, куды пастукаўся, гаспадар сустрэў мяне неласкава, а потым злітаваўся і патлумачыў, што я пераехаў пункт прызначэння ажно на 20 кіламетраў. Перада мной паўстала дылема: прайсці па рэйках 10 кіламетраў да Крычава, пераначаваць там у цёплай гасцініцы, ці ўсе 20 кіламетраў шыбаваць да каханай? Выбраў другі варыянт, бо даў слова, а сапраўдныя мужчыны словы на вецер не кідаюць.

Хто жыў каля чыгункі, ведае, як “лёгка” ісці па шпалах. Недзе каля чатырох гадзін раніцы паказалася станцыя “Шасцёраўка” – пункт прызначэння майго падарожжа. Знайшоў і хату, дзе жылі бацькі маёй Галіны. З імі вельмі хутка знайшоў паразуменне, праўда, як толькі ўдалося прызямліцца на канапу, адразу ж заснуў моцным сном.

1 кастрычніка 1967 года мы зарэгістравалі свой шлюб. Двое сыноў, пяцёра ўнукаў і два праўнукі – такі вынік нашага нялёгкага, але цікавага жыцця.

Запісала

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *