Каб дом не стаў папялішчам

З першымі восеньскімі халадамі пачынаецца ацяпляльны сезон у прыватным сектары райцэнтра і сельскіх населеных пунктах. Ад таго, наколькі добра гаспадары падрыхтаваліся да зімы, залежыць іх бяспека і нават жыццё.

Вёска Макаўка мае працягласць больш за кіламетр, але пастаянных жыхароў у ёй няшмат: зімаваць засталіся ў шасці дамах. Менавіта да іх завітала аглядальная камісія ў складзе старшыні сельсавета Марыі ЛІСТАПАДАВАЙ і намесніка начальніка РАНС  Аляксандра ЦЕПЛЯКОВА.

тепл

Клаўдзія Міхайлаўна ПАДДУБСКАЯ і Уладзімір Ерамеевіч СІДАРОВІЧ  жывуць удваіх. Кажуць, да ацяпляльнага сезона падрыхтаваліся, дроў назапасілі. Адно, як высветлілася падчас праверкі, што неабходна дарабіць да маразоў, – пабяліць комін. Бо раптам шчыліна ды іскра?

печь

– Толькі калі ўнук прыедзе, бо залезці на гарышча я не змагу, – цяжка ўздыхае жанчына.

Марыя Мікалаеўна запаўняе кантрольныя карткі: які від ацяплення ў хаце, ці ёсць пажарны апавяшчальнік, а таксама заносіць у іх звесткі пра дзяцей. Клаўдзія Міхайлаўна распісваецца ў адрыўным талоне, дзе ёй прадпісана адрэмантаваць і пабяліць комін. Ці будуць выкананыя прадпісанні, камісія праверыць паўторна праз некаторы час.

На выпраўленне нязначных парушэнняў адводзіцца адзін ці два дні, а больш сур’ёзных – дзесяць дзён.

– Асаблівую ўвагу звяртаем на тых, у каго былі парушэнні правілаў пажарнай бяспекі раней: глядзім, ці ўсё выпраўлена, – распавяла Марыя Лістападава. – Абавязкова наведваем адзінокіх пажылых людзей, шматдзетныя сем’і, а таксама сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Калі, напрыклад, у кагосьці з пажылых няма дроў, звязваемся з іх дзецьмі, падаем спіс у райпалівазбыт.

Па словах Аляксандра Цеплякова, асноўныя віды парушэнняў, якія звычайна выяўляе аглядальная камісія падчас рэйдаў, – гэта расколіны ў печах, адсутнасць ці маленькі памер прытопачнага ліста, няспраўная зашчэпка ў дзверцы грубкі.

Калі прадпісанні МНС не выконваюцца, на гаспадара домаўладання могуць нават скласці пратакол. Мінімальная сума штрафу па ім – 0,25 базавай велічыні. Таму халатнасць у выкананні правіл супрацьпажарнай бяспекі не толькі пагражае магчымымі ахвярамі, але і па кашальку можа ўдарыць.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *