За апошні тыдзень верасня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, за апошні тыдзень верасня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 11, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 5.

Спроба суіцыду. Жыхар вёскі Рудня не прыдумаў нічога лепшага, як звесці рахункі з жыццём і ўтапіцца. Аднак учыніць самагубства не ўдалася. Пацярпелы быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ. Праверку праводзіць ААПП.

Як у сябе дома. Магіляўчанка паскардзілася ў міліцыю на нахабныя паводзіны жыхара Заазер’я, які без дазволу абтрос яблыкі ў садзе дома яе бацькоў.

Рукі чэшуцца. Жыхарка аграгарадка Вішоў паскардзілася праваахоўнікам на мужа, які спрабаваў учыніць з ёй бойку. На сямейнага скандаліста складзены адміністрацыйны пратакол.

Брак у выхаванні. Жыхар Галоўчына моцна збіў свайго бацьку і выгнаў яго з уласнага дома. Праваахоўнікі высвятляюць абставіны таго, дзе ж бацька дапусціў прамашку ў выхаванні сваёй крывінкі.

Калекцыянер”. У дзяжурную службу РАУС звярнуўся мужчына і паведаміў, што нехта ноччу ўзламаў яго аўтамабіль і скраў адтуль 9 скрынак з калекцыйнымі часопісамі. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа.

Знік ураджай. Жанчына патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла аб тым, што нехта скраў з яе прысядзібнага ўчастка ў в. Ермалавічы ўраджай буракоў і морквы. Праводзіцца праверка.

Надакучлівы госць. Да жыхара Галубоўкі завітаў нецвярозы сусед. І так спадабалася яму ў чужым доме, што гаспадару яго прыйшлося выклікаць міліцыянераў, каб адпрэчылі надакучлівага госця. Праваахоўнікі не толькі дапамаглі незадачліваму суседу знайсці сваю хату, а заадно і выдалі яму адміністрацыйны пратакол.

Проста збіў. У хірургічнае аддзяленне Магілёўскай абласной бальніцы звярнулася жыхарка аграгарадка Вішоў з дыягназам: “тупая траўма жывата, удар грудной клеткі і ныркі”. Як патлумачыла медыкам пацярпелая, без дай прычыны яе пачаў збіваць сужыцель.

Вайна нагадала аб сабе. Жыхарка Мокравічаў паведаміла праваахоўнікам, што падчас пераворвання яе агарода была знойдзена міна часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечная знаходка перададзена ў райваенкамат.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *