У Клічаве прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”

У суботу ў Клічаве прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”. Удзел у свяце прыняла і афіцыйная дэлегацыя Бялыніччыны, якую ўзначаліў    старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.

Безимени-1

Распачалося мерапрыемства раніцай са святочнага набажэнства ў Свята-Благавешчанскай царкве. У гэты ж час на цэнтральных вуліцах горада разгарнуліся тэматычныя пляцоўкі, выставы-кірмашы вырабаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання.

А палове дванаццатай гадзіны на цэнтральнай плошчы райцэнтра ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты арт-аб’ект “Рог дастатку”. Ён сімвалізуе дабрабыт, у цэнтры якога знаходзіцца руплівая праца на зямлі. Акрамя яе звычайных атрыбутаў – гародніны і садавіны – кампазіцыя ўключае рэчы, якія адносяцца да нематэрыяльнай спадчыны. Напрыклад, сімвал духоўнасці – кнігу з выявай герба Клічава.

Потым па галоўнай вуліцы горада прайшоў святочны парад-шэсце перадавікоў жніва 2017 года. Героямі абласнога свята “Дажынкі-2017” сталі каля 800 працаўнікоў вёскі з усёй Магілёўшчыны. Афіцыйныя дэлегацыі раёнаў накіраваліся да галоўнай канцэртнай пляцоўкі свята. Флаг Бялыніцкага раёна было даручана прадстаўляць старшаму камбайнеру СВК “Калгас “Радзіма” Мікалаю ДАРЭЧКІНУ, дажыначны сноп сёлетняга ўраджаю – Аляксандру ЛЕЙБУЦІНУ, галоўнаму аграному гэтага ж сельгаспрадпрыемства, каравай раёна – Аляксандру ЧАЙКОЎСКАМУ, вадзіцелю ААТ “Бялынічы”.

Па заканчэнні шэсця адбылася цырымонія адкрыцця абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, віцэ-прэм’ер Міхаіл РУСЫ, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь ЛАЎРАНКОЎ, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір ВАШЧАНКА, міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль ЧОРНЫ, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі Магілёўскай вобласці мінулых гадоў, ветэраны і Героі сацыялістычнай працы, дэлегацыі Бранскай вобласці, розных рэгіёнаў Беларусі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”, старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што сёлета ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўшчыны намалочана больш за 1 млн 170 тыс. тон збожжа, што на 150 тыс. больш мінулагодняга валавога збору. Сярод раёнаў лепшых вынікаў па валавым зборы зерня дасягнулі Шклоўскі, Магілёўскі, Горацкі і Мсціслаўскі раёны, дзе ў кожным намалочана больш за 100 тыс. тон хлеба. У ліку гаспадарак, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Газавік-Сіпакова” Шклоўскага раёна, СДП “Авангард РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Магілёўскага, ААТ “Кастрычнік” Мсціслаўскага, СВК “Калгас “Радзіма” Бялыніцкага раёнаў.

Кіраўнік рэгіёну пажадаў работнікам сельскагаспадарчай вытворчасці моцнага здароўя, шчасця, дастатку і ўручыў пераможцам абласнога спаборніцтва заслужаныя ўзнагароды за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.

Не адзін раз на сцэну паднімаліся і прадстаўнікі нашага раёна. Сярод галоўных інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый у лік пераможцаў увайшоў галоўны інжынер СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр БАРТЫЛЁЎ, сярод брыгад аператараў зернесушыльных установак – звяно гэтага ж сельгаскааператыва ў складзе Юрыя КАЛАКУСТАВА, Уладзіміра САЛАГУБАВА, Мікалая КАРПЯНКОВА, Мікалая ЗІНЬКЕВІЧА. Усе яны ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі аблвыканкама адпаведнай ступені і грашовымі прэміямі.

Даж 554

Даж 534

Назва СВК “Калгас “Радзіма” гучала са сцэны яшчэ не аднойчы: намесніку яе старшыні па раслінаводстве Барысу САФОНАВУ была аб’яўлена Падзяка прэм’ер-міністра Беларусі, а трактарысту-машыністу Івану АЎТУШЭНКУ – Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Дарэчы, у дзень фестывалю ў Клічаве адкрылі яшчэ адзін важны аб’ект – першы ў вобласці памятны знак ваенным журналістам. Ініцыятыву абласнога аддзялення Беларускага саюза журналістаў падтрымалі калектывы выданняў рэгіёну і выканаўчая ўлада. Месца ўстаноўкі скульптурнай кампазіцыі было абрана не выпадкова. Усакінскія лясы ў Клічаўскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі цэнтрам партызанскага руху Магілёўшчыны. Менавіта тут выдаваліся Клічаўскі “Голас партызана”, друкаваныя органы Асіповіцкага, Кіраўскага, Бабруйскага райкамаў партыі, абласная газета “За Радзіму”. Падчас адкрыцця знака адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу сярод журналістаў раённых газет на лепшую публікацыю, прысвечаную ўборачнай кампаніі. Прыемна адзначыць, што Дыпломам абласной арганізацыі ГА “БСЖ” за другое месца ўзнагароджана карэспандэнт “Зары над Друццю” Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Даж 54

Цікавай і змястоўнай была культурная праграма абласных “Дажынак”. Лепшых аграрыяў Магілёўшчыны і гасцей фестывалю ў гэты дзень чакаў вялікі святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел больш за 500 артыстаў, калектывы і выканаўцы Магілёўскай абласной філармоніі. Парадавалі сваімі выступленнямі таксама зоркі беларускай эстрады – Іскуі Абалян, Аляксей Хлястоў, ансамбль “Сябры” і Анатоль Ярмоленка.

Удзельнікаў свята гасцінна сустракалі на падворках “Сырны гасцінец”, “Мясная лаўка”, “Наліўныя сады Радзімы” і іншых. Тры вялікія тэматычныя пляцоўкі дзейнічалі ў гарадскім парку. Адна з іх была прысвечана эка-арт фестывалю “Астравы Дулебы”, другая распавядала аб слаўнай партызанскай гісторыі рэгіёну. Тут размясціўся і стылізаваны партызанскі лагер.

Маленькіх гасцей забаўлялі на дзіцячай пляцоўцы канцэртнай і гульнявой праграмамі. Кожны з удзельнікаў і гасцей свята мог пакінуць свае пажаданні Клічаву на “Вежы пажаданняў”. На пляцоўцы ўстаноў адукацыі прайшлі сапраўдныя парасячыя забегі. Рамеснікі і майстры дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва праводзілі захапляльныя майстар-класы. Кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі каваля, абмалаціць цэпам збожжа, змалоць яго ў жорнах і г. д.

На гарадскім стадыёне адбылося спартыўнае свята “Насустрач ІІ-м Еўрапейскім гульням 2019 года” з паказальнымі выступленнямі мотабалістаў, авіямадэлістаў і парашутыстаў.

Дарэчы сказаць, папрыгажэў да “Дажынак” і сам Клічаў. Новае аблічча набылі 66 аб’ектаў, 25 з якіх належаць да сацыяльнай сферы. Рэкан-струяваны цэнтральная вуліца і галоўная плошча Клічава, абноўлены Дом культуры, капітальна адрамантаваны 18 жылых шматкватэрных дамоў, добраўпарадкаваны гарадскі парк.

Даж 132

Даж 257

помник

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара

і Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *