9 кастрычніка ў нашай краіне адзначаўся Дзень пошты

Ужо больш за трыццаць гадоў Ала СЕЛЬВЯНКОВА працуе начальнікам паштовага аддзялення ў вёсцы Навасёлкі Вішоўскага сельсавета.

деньпочты

Нарадзілася яна ў вёсцы Сіпайлы, непадалёк ад Навасёлак. Калісьці, не давучыўшыся ва ўніверсітэце паўтара года, прыйшла сюды на працу, дый так і засталася.

– Нават не думала аб тым, каб змяніць рабочае месца, – прызнаецца жанчына. – Для мяне важна мець зносіны з людзьмі, падабаецца менавіта гэты бок прафесіі – трэба шмат камунікаваць.

І сапраўды, Ала Уладзіміраўна ведае ўсіх жыхароў сваёй вёскі.

З дзесяці гадзін раніцы пачынаецца праца начальніка паштовага аддзялення, а ўжо пасля абеда – выкананне абавязкаў паштальёна. Да складанасцей Ала Уладзіміраўна прыстасавалася: і ў навальніцу, і ў завіруху газеты і часопісы своечасова трапляюць да сваіх падпісчыкаў. Дый пенсію людзі чакаюць нягледзячы на дрэннае надвор’е ці іншыя абставіны. Спраўляцца з прафесійнымі абавязкамі хутчэй дапамагае стары і верны веласіпед.

Як распавядае Ала Сельвянкова, амаль у кожным доме яе вёскі хоць якую-небудзь газету, ды выпісваюць. Чытаюць, безумоўна, і “Зару над Друццю”. Падпісваюцца таму, што любяць раёнку, дый адказную паштальёнку крыўдзіць не хочацца – усю прэсу дастаўляе ў час.

Акрамя працы, спраў хапае і дома. Раней з мужам трымалі вялікую гаспадараку. Зараз яна меншая, але таксама патрабуе і часу, і сіл: пяцёра свінак трэба накарміць і дагледзець. Усё прыходзіцца рабіць самой. Два гады таму муж заўчасна пайшоў з жыцця. Дачка жыве і працуе ў Магілёве, сын – у Горках. Прыязджаюць, дапамагаюць, канечне. Але і ў іх няшмат вольнага часу.

Некалькі гадоў таму Але Уладзіміраўне было прысвоена званне ветэрана працы.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *