Квэст-гульню правялі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі

Квэст-гульню для дзесяцікласнікаў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага і СШ № 2 правялі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

квест

Сутнасць квэсту заключалася ў тым, каб выканаць заданні, кожнае з якіх з’яўляецца ключом да наступнага. Бібліятэка праводзіць такую гульню не ўпершыню: у папярэднія два гады тэмай былі гісторыка-культурныя помнікі Бялыніччыны.

– Гістарычных месцаў у нас захавалася няшмат, і ўдзельнікі іх добра памятаюць, таму вырашылі сёлета выбраць новую тэму квэст-гульні: імёны літаратараў у назвах гарадскіх вуліц, – распавяла бібліятэкар Алена ГРЫБАЙЛАВА. – Школьнікам трэба па радках з твораў пазнаць аўтараў. На вуліцах, у гонар якіх яны названыя, рабят чакаюць супрацоўнікі бібліятэкі з новымі заданнямі. Усяго кожнай з дзвюх каманд трэба наведаць, такім чынам, дзесяць пунктаў. Пераможцай стане тая каманда, якая справіцца хутчэй.

– Мы не рыхтаваліся загадзя, пабачыць заданні ўпершыню падчас самой гульні значна цікавей. Але галоўнае, што ў нас ёсць, – гэта баявы настрой! – распавяла вучаніца СШ № 1 Валерыя ПЕКУР.

Нягледзячы на даволі складаныя заданні, вучні абедзвюх школ навыперадкі аббеглі ўсе пазначаныя вуліцы горада. На кожнай іх сустрэлі бібліятэкары, якія не толькі раздавалі наступныя заданні, але і распавядалі штосьці цікавае пра пісьменніка, імя якога носіць вуліца. Але ў квэсце былі і нечаканасці: у ліку літаратараў, напрыклад, апынуўся і вядомы мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля, бо захаваліся яго раннія вершы і невялічкія апавяданні. А на вуліцу М. Багдановіча вучням наогул бегчы не прыйшлося: канчатковым прыпынкам іх шляху стала бібліятэка.

квест2

– Гэта мерапрыемства мае як адукацыйны, так і забаўляльны характар. Рабяты больш даведаліся пра родны горад праз класікаў беларускай і рускай літаратуры, іх творы. Парадавала, якія згуртаваныя каманды ў гэтым годзе, – падзялілася назіраннямі Алена Грыбайлава.

квест3

На кожным новым пункце квэст-гульні каманда зарабляла і частку пазла з выявай герба горада. Каб перамагчы, неабходна было на фінішы сабраць увесь пазл цалкам.

Першай фінішавала каманда СШ № 1. Сабраць пазл для рабят было зусім нескладана. Пераможцам уручылі білеты на дыскатэку ў РЦК. Без суцяшальнага прыза не засталася і каманда СШ № 2 – дзесяцікласнікі  атрымалі ў падарунак краязнаўчы энцыклапедычны даведнік “Бялыніччына”.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *