Мацней трымайся за руль, а не за бутэльку

За першую палову кастрычніка значна павялічылася колькасць вадзіцеляў, якіх у стане алкагольнага апянення затрымалі на дарогах раёна супрацоўнікі АДАІ РАУС.

2 кастрычніка ў аг. Вялікая Машчаніца экіпаж ДАІ спыніў аўтамабіль “Фольксваген”, якім кіраваў нецвярозы мясцовы жыхар.

У той жа дзень каля вёскі Дручаны супрацоўнікі ДАІ затрымалі  аўтамабіль “Кіа”. Вадзіцель-бялынічанін таксама быў “пад мухай”.

Гора-кіроўцам выдалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 1 арт. 18.16 КаАП РБ. Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць накладанне штрафу ў памеры да 100 б. в. з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін да 3-х гадоў.

6 кастрычніка адбылося ДТЗ з удзелам нецвярозага вадзіцеля. Пад’язджаючы да Бялынічаў, жыхар райцэнтра не справіўся з кіраваннем “Аўдзі” і з’ехаў у кювет. Аўтамабіль атрымаў механічныя пашкоджанні, а вадзіцель быў дастаўлены ў ЦРБ для пацвярджэння факта ўжывання спіртнога. У адносінах да яго былі распачаты адміністрацыйныя працэсы, якія цягнуць за сабой пакаранне ў выглядзе штрафу памерам да 120 б. в. з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на 3 гады.

Яшчэ аднаго патэнцыяльнага самагубцу затрымалі супрацоўнікі ДАІ 8 кастрычніка. Паблізу аўтазаправачнай станцыі ў Бялынічах яны заўважылі аўтамабіль “Фольксваген”, які рухаўся па ўсёй шырыні праезнай часткі. Пасля таго, як аўтаінспектары загадалі вадзіцелю спыніцца, ён, наадварот, яшчэ мацней націснуў на педаль газу. Калі ж, нарэшце, аўтамабіль быў спынены, высветлілася, што кіроўца настолькі п’яны, што нават не трымаецца на нагах. Медыцынскае заключэнне паказала ўтрыманне ў яго арганізме 2,2 праміле алкаголю. Таксама пры разбіральніцтве было ўстаноўлена, што вадзіцель не толькі не меў права на кіраванне транспартнымі сродкамі, а яшчэ раней зрабіў сутыкненне з аўтамабілем “Маз”, пасля чаго ўцёк з месца ДТЗ. У адносінах да парушальніка было складзена ажно 9 адміністрацыйных пратаколаў! Усе гэтыя дзеянні прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе штрафу да 207 б. в. з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі.

9 кастрычніка “папаўся” яшчэ адзін п’яны вадзіцель. Супрацоўнікаў ДАІ паінфармавалі аб тым, што па аўтадарозе Мінск-Магілёў рухаецца аўтамабіль, кіроўца якога парушае ПДР і, магчыма, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Патрульная машына пачала праследаваць парушальніка, аднак той нават і не падумаў спыніцца. П’яны вадзіцель павярнуў у бок Бялыніч і зноў вырашыў прадэманстраваць навыкі “крутой язды”. Толькі яго запалу хапіла ненадоўга. Парушальнік быў спынены і адхілены ад кіравання аўтамабілем. Высветлілася таксама, што мужчына ўвогуле не мае права на кіраванне транспартнымі сродкамі, а стан алкагольнага ап’янення “зашкальваў” – у крыві было больш за 2,3 праміле! За свае “выбрыкі” грамадзянін атрымаў 7 адміністрацыйных пратаколаў, агульная колькасць штрафаў за якія дасягае 190 б. в., а гэта больш за 4 тысячы рублёў.

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Памятайце, што з-за хвіліннай      слабасці вы рызыкуеце страціць не толькі матэрыяльны дабрабыт, але яшчэ і жыццё. Таму вазьміце сабе за правіла ніколі не сядаць за руль у нецвярозым стане. Дарога – зона павышанай небяспекі і памылак яна не прабачае!

Максім КУНДАЛЕЎ,

начальнік АДАІ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *