Запланаваць… шчасце

Згадзіцеся, што самая пачэсная місія, якую выконвае на Зямлі жанчына, —  мацярынства. Так закладзена звыш, што кожная дзяўчынка з самага ранняга дзяцінства марыць аб уласных дзецях, жадае стаць маці. Але сямейнае шчасце немагчыма запланаваць, хіба што можна намеціць арыенціры, да якіх патрэбна імкнуцца.

жук

Мнагадзетная маці Анастасія ЖУКОЎСКАЯ з Бялынічаў таксама нярэдка ў марах уяўляла, якой будзе яе сям’я. Але чалавек мяркуе, а Бог справу ладкуе. Мабыць, пазіраючы з нябёсаў на гэтую маладую жанчыну, вырашыў даць ёй мацярынскага шчасця ўдвая больш.

Таму зараз у Анастасіі і яе мужа Андрэя ёсць сын, дачка і… яшчэ адны сынок і дачушка.

– Ніколі не задумвалася над тым, ці цяжка быць маці вялікага сямейства, – гаворыць Анастасія. – Для нас з мужам дзеці – не дадатковая нагрузка, а сэнс жыцця. Старэйшая, Міраслава, вучыцца ў чацвёртым класе, Назар – другакласнік СШ № 1, з малодшымі двайнятамі, – Станіславай і Данілам, зараз знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. Спраўляцца з імі не так складана,  як многія лічаць. Шмат дапамагаюць нашы бацькі, дый старэйшыя дзеці не адмаўляюцца пабыць з маленькімі.

Са сваім мужам Анастасія сустрэлася ў Крычаве, дзе яны атрымлівалі юрыдычную адукацыю. Менавіта тады, у студэнцкія гады, вырашылі ісці па жыцці разам. Паколькі Анастасія была родам з Бялынічаў, то сямейны ачаг вырашылі стварыць на радзіме жонкі. Бацькі падарылі ім на вяселле двухпакаёвую кватэру.

Адзін за адным у маладой сям’і нарадзіліся сын і дачка. Здавалася, што больш трэба для стабільнага сямейнага жыцця? Але ж праз некаторы час Насця даведалася, што зноў зацяжарыла.

Таму, што ў іх сям’і хутка будзе папаўненне, больш за ўсё абрадаваліся дзеці.

– Калі праходзіла планавае медыцынскае абследаванне, – успамінае Анастасія, – Назар і Міраслава часта мяне суправаджалі. Неяк нават паспрачаліся, не маглі вызначыцца, каго больш хочуць, браціка ці сястрычку. Спыніліся на абодвух, а потым і даследаванне паказала, што дзетак у мяне будзе двое. Гэта навіна не шакіравала, а, наадварот, узрадавала. Высветлілася, што і ў маёй бабулі былі блізняты, аднак яны рана памерлі. Я таксама не вельмі добра пераносіла цяжарнасць, але, дзякуючы клопату нашых урачоў, дзеці нарадзіліся своечасова і, як заказвалі, хлопчык і дзяўчынка.

Нядаўна двайняткам споўнілася па два годзікі. Яны з цікавасцю пазнаюць свет і, як і ўсе малышы, капрызяць, смяюцца і цягнуцца да пяшчотных матуліных рук.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *