Пытанні крэдытавання жылля

 

КлюченковаСёння многія жыхары раёна звяртаюцца да работнікаў банка па пытаннях крэдытавання жылля. Каб сарыентаваць людзей, у прэс-цэнтры рэдакцыі райгазеты “Зара над Друццю” адбылася прэс-канферэнцыя з галоўным спецыялістам аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 701 ААТ “ААБ Беларусбанк” Аленай КЛЮЧАНКОВАЙ.

– Алена Мікалаеўна, раскажыце, якім катэгорыям грамадзян можна атрымаць крэдыт на будаўніцтва або набыццё жылля?

– У якасці крэдытаатрымальнікаў могуць выступаць дзеяздольныя фізічныя асобы – грамадзяне Беларусі, замежныя і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць і маюць пастаянны даход у нашай краіне.

Тым, хто дасягнуў агульна-ўстаноўленага пенсійнага ўзросту, крэдыты на фінансаванне нерухомасці прадастаўляюцца зыходзячы з памераў пенсіі. Калі пенсіянер працягвае працаваць, то зыходзячы з памеру пенсіі або 50 % сярэднямесячнага даходу за апошнія 3 месяцы. Пры гэтым пенсіянеры павінны прадаставіць у забеспячэнне выканання абавязацельстваў па крэдыту паручыцельствы фізічных асоб з ліку членаў сям’і, блізкіх сваякоў, якія не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

– На які тэрмін можна атрымаць крэдыт у вашым банку?

– З 21 чэрвеня 2017 года тэрмін павялічаны да 20 гадоў.

– Пад які працэнт выдаюцца грошы?

– На працягу першых 24 месяцаў са дня, наступнага за днём заключэння крэдытнага дагавора, працэнты налічваюцца згодна стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка РБ (з 13.09.2017 –                11,5 %). Пачынаючы з 25-га месяца, наступнага за днём заключэння крэдытнага дагавора – стаўка рэфінансавання НБ РБ + 3 працэнтныя пункты (з 13.09.2017 – 14,5 %). Дарэчы, працэнтная стаўка за карыстанне крэдытам з’яўляецца няўстойлівай і змяняецца разам са змяненнем стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка РБ.

– Якую максімальную суму крэдыту можна атрымаць грамадзянам у вашым банку?

– Сума крэдыту выдаецца у межах крэдытаздольнасці яго атрымальніка, але не павінна перавышаць 75 % найменшага з двух коштаў набытага жылога памяшкання, дагаворнага кошту і рынкавага (ацэначнага) кошту.

Пры наяўнасці льготнага крэдыту сукупны памер двух крэдытаў і субсідыі не павінен перавышаць 90 % кошту набыцця жылога памяшкання (для мнагадзетных сем’яў, якія маюць траіх і больш непаўналетніх дзяцей – 95 % кошту жылога памяшкання).

З 06.09.2017 пры разліку памеру крэдыту пры недастатковай плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, па рашэнні крэдытнага камітэта ў яго сукупны даход могуць уключацца даходы паручыцеляў: блізкіх сваякоў (членаў сям’і).

– Раскажыце пра парадак пагашэння крэдыту.

– Пагашэнне крэдыту пачынаецца з наступнага месяца пасля яго атрымання. Выплата працэнтаў – за фактычны час карыстання грашовымі сродкамі.

– У якой форме грамадзянам прадастаўляецца крэдыт?

– Сума крэдыту пералічваецца на рахунак прадаўцоў жылых памяшканняў (або іх прадстаўнікоў):

Фізічным асобам – на рахункі, адкрытыя ў ААТ “ААБ Беларусбанк” (за выключэннем рахункаў кліентаў з выкарыстаннем картак). Калі гэта тэрміновы ўклад, то з правам папаўнення яго.

Юрыдычным асобам – на рахункі, адкрытыя ў банках, якія ажыццяўляюць іх разлікова-касавае абслугоўванне.

Таксама ў тэрмін, не пазней трох месяцаў пасля заключэння крэдытнага дагавора, крэдытаатрымальнік абавязаны прадаставіць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на набытую кватэру ў якасці справаздачы аб мэтавым выкарыстанні крэдыту.

Для індывідуальных жылых дамоў абавязкова прадастаўленне дагавору страхавання на поўны кошт набытага жылога дома.

– У якія тэрміны разглядаюцца дакументы па выдачы крэдыту?

– Рашэнне аб выдачы крэдыту банк прымае на працягу 15 каляндарных дзён. У выпадку прыняцця станоўчага рашэння запрашаюць кліента і яго паручыцеляў для заключэння крэдытнага дагавора. У выпадку адмовы ў                   крэдытаванні высылаецца пісьмо з адпаведнымі тлумачэннямі.

І ўжо на працягу 15 каляндарных дзён, пасля прыняцця канчатковага станоўчага рашэння, выдаецца крэдыт.

Гутарыла Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *