Механізатар ААТ “Новая Друць” Мікалай Шутоў ужо 35 гадоў шчыруе ў роднай гаспадарцы

Няма больш пачэснага занятку для чалавека, чым працягваць справу сваіх бацькоў. І зусім невялікую ролю іграе прэстыжнасць прафесіі, самае галоўнае – ведаць усе яе нюансы, асаблівасці. А гэта магчыма, хіба што, інтуітыўна, калі існуе пераемнасць пакаленняў, ствараецца працоўная дынастыя.

Шутов

Механізатар ААТ “Новая Друць” Мікалай ШУТОЎ пайшоў па слядах свайго бацькі і вось ужо 35 гадоў шчыруе ў роднай гаспадарцы. Асноўнай яго дзейнасцю ў сельгаставарыстве з’яўляецца вырошчванне і ўборка бульбы.

– Лічыце, што з самага дзяцінства я працую механізатарам, – жартуе Мікалай Мікалаевіч. – Да маёй службы ў войску рабіў разам з бацькам, і пасля таго, як дэмабілізаваўся, вярнуўся ў родны калгас, так і працую на адным месцы. Нават у думках не было пераехаць у горад, тут дом, усё сваё, роднае.

Дый не з таго цеста “злеплены” гэты чалавек, каб марнаваць час у чатырох сценах.

Сялянская праца – нялёгкая, складаная. Падчас пасяўной і ўборачнай бульбаводы шчыруюць у полі ад цямна да цямна. Некалькі гадоў таму рупліваму працаўніку даверылі кіраваць сучасным бульбаўборачным камбайнам DEWULF. Магутная энерганасычаная тэхніка выконвае многія працэсы ў аўтаматызаваным рэжыме, што дазваляе значна павысіць эфектыўнасць працы.

Прозвішча механізатара, дарэчы, значыцца на экране працоўных дасягненняў перад адміністрацыйным будынкам сельгаставарыства і ў гонар перадавіка вытворчасці ўзнімаецца сцяг.

— Ураджай залежыць не толькі ад надвор’я, — адзначае намеснік дырэктара ААТ “Новая Друць” па раслінаводстве Уладзімір НАПРЭЕНКА. – Адчувальны эфект будзе ў першую чаргу тады, калі спрацуе “чалавечы фактар”. Мікалай Шутоў адносіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў адказна, яго часта ставім у прыклад астатнім. У тым, што наша сельгаставарыства штогод атрымлівае нядрэнны ўраджай бульбы, ёсць вялікая доля яго заслугі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *