З 10 па 15 кастрычніка праваахоўнікі склалі 16 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 10 па 15 кастрычніка праваахоўнікі склалі 16  адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 8, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 5.

Браў у дзве рукі. Жыхар Аксенькавічаў патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся, што невядомы вырваў замок на верандзе яго дома і скраў газавы балон, колы ад веласіпеда, дзве сякеры, касу і помпу.

Не папрасіў пакатацца. Жыхар Прыдруцкага краю звярнуўся ў міліцыю з заявай аб тым, што знаёмы ўгнаў яго аўтамашыну. Праводзіцца праверка.

Не змаглі пароднаму. Бялынічанка патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паскардзілася на дачку, што ўчыніла з ёй скандал. Праваахоўнікі разабраліся ў тонкасцях справы і выпісалі адміністрацыйны пратакол… маці!

Агрэсіўныя. На агрэсіўнага сабаку паскардзіўся мужчына з Навасёлак. Ён паведаміў, што невядомая жывёліна загрызла яго курыцу. А ў жыхаркі Ермалавічаў чыйсці сабака за две гадзіны расправіўся ажно з дзясяткам чубатак.

Конь супраць аўто. Магіляўчанін патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што каля вёскі Краснае гужавой павозкай пашкоджаны яго аўтамабіль. У адносінах да возчыка быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Ну і дачка! Жыхарка Вішова паведаміла ў міліцыю, што яе дачка ўчыніла скандал і б’е сваё маленькае дзіця. За свае супрацьпраўныя паводзіны маладая жанчына атрымала адміністрацыйнае пакаранне.

“Вавёрачка” прыйшла. У дзяжурную службу РАУС пазваніла занепакоеная бялынічанка, якая паскардзілася на мужа сястры, які пагражаў ім абедзьвюм ружжом. Сямейнага скандаліста прыйшлося супакоіць адміністрацыйным пратаколам.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *