Шэф-повар Марына ШЧУР ужо дзесяць гадоў шчыруе ў сталовай СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага

Усе мы перыядычна ўспамінаем свае школьныя гады, але ў кожнага яны асацыіруюцца з чымсьці асаблівым. Некаторыя, напрыклад, з настальгіяй успамінаюць школьную сталовую. Але ў дзіцячыя гады ніхто не задумваецца пра тое, колькі  старанняў прыкладае повар, каб своечасова накарміць нас. Дзе, як не ў школе, на повара ўскладаецца вялікая адказнасць – трэба прыгатаваць ежу не толькі згодна з нормамі, а яшчэ смачна і карысна.

Щур

Шэф-повар Марына ШЧУР ужо дзесяць гадоў шчыруе ў сталовай СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага. Да гэтага Марына Мікалаеўна займала гэту пасаду ў Ланькаўскай школе. У Ланькаве яна нарадзілася, там і прыгадзілася. А пасля таго, як навучальная ўстанова была закрыта, яе перавялі ў сталовую СШ № 1.

Цікавасць да прафесіі ў Марыны Шчур з’явілася яшчэ ў дзяцінстве – родная цётка працавала поварам і ўжо тады, у юнацтве, дзяўчына вучылася ў яе кулінарным навыкам і спрабавала гатаваць розныя смачнасці, якімі потым частавала родных. Добра кулінарыў і бацька Марыны. Але сапраўднага прафесіяналізму яна дабілася яшчэ і дзякуючы свайму настаўніку – былому шэф-повару школьнай сталовай Ганне КІСЯЛЁВАЙ, з якой яе аб’ядноўваюць дзевяць гадоў сумеснай працы. У гэтым годзе Ганна Сяргееўна пайшла на заслужаны адпачынак, а яе вучаніца паспяхова змяніла яе.

Праца ў школьнай сталовай Марыне Шчур прыносіць задавальненне:

– Мне падабаецца гатаваць для дзяцей, – усміхаецца Марына Мікалаеўна. – Калі доўга працуеш над прыгатаваннем якой-небудзь стравы, а потым глядзіш, як дзеткі з вялікім апетытам усё з’ядаюць, а то яшчэ і дабаўкі могуць папрасіць – гэта найвышэйшая ўзнагарода для мяне як для повара. Менавіта тады адчуваеш, што ты на сваім месцы.

Працаваць у школьнай сталовай дастаткова складана: трэба ўсё рабіць згодна ўстаноўленных норм і прапорцый. А гэта задача нялёгкая. Там трэба пралічыць усё да грама. Таму з самай раніцы шэф-повар ужо на нагах – працуе над новым меню, бо прыгатаваць хочацца не толькі па нарматывах, але і смачна, з душой.

– Мы працуем у тры змены, – распавядае жанчына. – Часам, у залежнасці ад меню, прыходзім і а 5 гадзіне раніцы, каб усё паспець.

Дадому Марына Шчур трапляе толькі пасля таго, як у школе скончацца заняткі. А там яе чакае яшчэ адна працоўная змена – трэба накарміць сям’ю: мужа і дваіх дзяцей. Здаецца, пасля такога насычанага дня ўжо нічога не хацелася б рабіць, але гэта не пра Марыну Мікалаеўну. Дома яна з такім жа задавальненнем стаіць каля пліты і гатуе розныя стравы для сваіх родных.

– Нягледзячы на стомленасць, дома я пачынаю кухарыць з новымі сіламі, – адзначыла Марына Шчур. – Для родных імкнуся прыгатаваць смачна і падаць стравы на прыгожым посудзе. Я люблю сваю працу і з упэўненасцю магу сказаць, што гэта маё прызванне!

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *