Як абараніць сябе ад вірусаў

КачанаваНеўзабаве наступіць зіма, а разам з ёй і ўспышка сезонных прастудных захворванняў. Менавіта цяпер, пакуль вірусная атака яшчэ не пачалася, медыкі раяць зрабіць прышчэпкі супраць грыпу. У рэдакцыі райгазеты прайшла прэс-канферэнцыя на тэму вакцынацыі з урачом-інфекцыяністам ЦРБ Анастасіяй КАЧАНАВАЙ.

– Анастасія Віктараўна, у якія тэрміны патрэбна вакцынавацца супраць грыпу?

– Паводле рэкамендацый сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), штогод у лютым вызначаюцца штамы вірусаў, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі вакцыны. Абноўленая вакцына з’яўляецца да пачатку восені, і гэты час лічыцца найбольш падыходзячым для прышчэпак. Таму з пачатку кастрычніка медыкі пачалі актыўна прышчапляць людзей, паколькі вакцынацыю трэба зрабіць як мінімум за месяц да мяркуемай эпідэміі. За гэты час выпрацоўваюцца ахоўныя антыцелы і ўзмацняецца імунітэт чалавека. У сувязі з гэтым, да 1 снежня мы плануем зрабіць прышчэпкі ўсім жадаючым.

– Якую вакцыну выкарыстоўваеце ў гэтым годзе?

– Сёлета мы выкарыстоўваем расійскую вакцыну “Гриппол Плюс”. Супрацьпаказанні да ўжывання дадзенага прэпарата адсутнічаюць, таму прышчапляцца можна розным катэгорыям насельніцтва. Таксама за ўласны кошт пацыенты могуць набыць французскую вакцыну “Ваксигрип”.

– Хто фінансуе бясплатную вакцынацыю?

– З рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі на прышчэпліванне дзяцей ад 6 месяцаў да трох гадоў і людзей з хранічнымі захворваннямі. За кошт сродкаў мясцовага бюджэту набываецца вакцына для прышчэплівання дзяцей ад трох гадоў і асобных груп дарослых людзей.

У гэтым годзе плануецца закупіць 7500 доз вакцыны (2700 з іх – для дзяцей і 4800 – для дарослых).

– Які штам грыпу нам варта чакаць гэтай зімой?

– Па прагнозах СААЗ, у бягучым эпідэмічным сезоне будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу. Штам A/Michigan/45/2015 (H1N1), які вядомы ўсім з 2009 года пад назвай “свіны грып”, у гэтым годзе прыйдзе да нас у новай форме – імунітэт да дадзенага вірусу ў насельніцтва яшчэ не сфарміраваны. І два штамы, аналагічныя леташнім: A/Hong Kong/4801/2014 (H3N2) і    B/Brisbane/60/2008.

– З якога ўзросту можна прышчапляцца супраць грыпу? І ці ёсць якія-небудзь абмежаванні?

– Рабіць прышчэпку супраць грыпу можна ўсім жадаючым, а дзецям – пачынаючы з 6 месяцаў. Асаблівых супрацьпаказанняў няма, але не варта прышчэплівацца падчас прастудных і абвастрэння хранічных захворванняў, пры алергічнай рэакцыі на курыны бялок, які таксама ўваходзіць у склад супрацьгрыпознай вакцыны.

– Кажуць, што прышчэпленыя супраць грыпу людзі пераносяць вірусныя захворванні горш за тых, хто не прышчапіўся. Вы можаце пагадзіцца з такім меркаваннем?

– Я з гэтым цалкам не згодна. Таму што сама эпідэмія грыпу пачынаецца ў канцы лістапада, а прышчапляем мы ўжо цяпер, загадзя. Як правіла, за 8-10 дзён у прышчэпленага чалавека фарміруецца ўстойлівы імунітэт да грыпу, які ў далейшым захоўвае нас ад гэтай сур’ёзнай хваробы.

– У цэлым, мяркуючы па мінулых гадах, людзі больш актыўна сталі прышчэплівацца супраць грыпу?

– Так, і гэта звязана перш за ўсё з тым, што ў 2009 годзе была зафіксавана эпідэмія грыпу з некалькімі выпадкамі са смяротным зыходам. Вопыт мінулых гадоў даказвае, што сярод усіх сродкаў прафілактыкі грыпу вакцынацыя з’яўляецца навукова абгрунтаванай, эканамічна мэтазгоднай і сацыяльна апраўданай стратэгіяй папярэджання захворвання. Статыстыка паказвае: мінулагодняя кампанія па вакцынацыі ахапіла 40,7 працэнтаў насельніцтва краіны і дазволіла прадухіліць больш за 100 тысяч выпадкаў захворвання на грып.

Трэба памятаць, што грып – гэта цяжкая хвароба, якая нясе за сабой шмат непрыемных наступстваў. Добра, што людзі разумеюць гэта і імкнуцца загадзя абараніць сябе ад захворвання з дапамогай вакцынацыі.

– Якія катэгорыі людзей павінны прышчапляцца ў першую чаргу?

– Абавязкова трэба рабіць прышчэпкі тым, хто пастаянна знаходзіцца ў акружэнні вялікай колькасці людзей. У першую чаргу гэта адносіцца да настаўнікаў і выхавацеляў. Яны працуюць з дзецьмі, а таму павінны мець устойлівы імунітэт да ўсіх вірусаў, каб не заразіць сябе і сваіх выхаванцаў. Мы, медыкі, таксама пастаянна кантактуем з вялікай колькасцю людзей, таму на сённяшні дзень медыцынскі персанал прышчэплены практычна на 100 працэнтаў.

– Анастасія Віктараўна, раскажыце пра першыя сімптомы грыпу і якія меры трэба прымаць, калі з’явілася падазрэнне на гэта захворванне?

– Першыя прыкметы грыпу – слабасць, боль у мышцах, высокая тэмпература цела, насмарк, сухі кашаль. Калі вы адчуваеце недамаганне, то неабходна адразу ж звяртацца да ўрача па медыкаментознае лячэнне. Пры гэтым трэба піць травяныя напоі і морсы, прытрымлівацца пасцельнага рэжыму, выкарыстоўваць асобны посуд і ручнік, каб не стаць крыніцай інфекцыі і не заразіць навакольных. Таксама трэба як мага часцей праветрываць памяшканне, дзе знаходзіцца хворы.

– Якія метады прафілактыкі, акрамя вакцынацыі, вы параіце нашым чытачам?

– Вядома, лепшы спосаб – вакцынацыя, але таксама можна ўмацаваць свой імунітэт комплексамі вітамінаў. Асабліва важны вітамін С (аскарбінавая кіслата), які спрыяе павышэнню супраціўляльнасці арганізма. У сезон захворванняў трэба ўжываць пабольш садавіны і гародніны, не перагружаць арганізм і не паддавацца стрэсам. Калі своечасова зрабіць прышчэпку, піць вітаміны і сачыць за сваім здароўем, то найбольш верагодна, што грып абміне вас.

Гутарыла

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *