Дзень утварэння службы аховы МУС Рэспублікі Беларусь

дудкин29 кастрычніка сваё прафесійнае свята – Дзень утварэння службы аховы МУС Рэспублікі Беларусь – адзначаюць супрацоўнікі Бялыніцкага аддзялення Дэпартамента аховы. Менавіта ў гэты дзень 65 гадоў назад пачалася гісторыя гэтай міліцэйскай службы. Аб мінулым і сучаснасці раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС расказаў яго начальнік, маёр міліцыі Аляксандр ДУДКІН.

– Як самастойнае падраздзяленне раённае аддзяленне аховы сваю дзейнасць пачало ў 1989 годзе. Да гэтага ахову аб’ектаў і маёмасці ў райцэнтры ажыццяўлялі вартавыя брыгады, якія не вылучаліся ў самастойныя падраздзяленні і былі падпарадкаваныя тэрытарыяльным органам унутраных спраў. Першая брыгада ваенізаванай вартавой аховы пры Бялыніцкім райаддзеле міліцыі была створана ў чэрвені 1959 года. У яе склад уваходзіла ўсяго 5 вартаўнікоў, але іх колькасць і вартавых пастоў пастаянна павялічвалася. Таксама нёс службу мотапатруль у складзе міліцыянера і грамадзянскага вадзіцеля. Пазаведамасная ахова з першых дзён існавання даказала сваю эфектыўнасць і запатрабаванасць. У 1980-я гады пад яе аховай ужо знаходзіліся такія буйныя прадпрыемствы, як крухмальны і сыраробны заводы, хлебазавод і іншыя.

– Аляксандр Мікалаевіч, што ўяўляе з сябе служба аховы сёння?

– У наш час раённае аддзяленне Дэпартамента аховы – гэта высокаарганізаванае і тэхнічна абсталяванае падраздзяленне. Пад яго аховай знаходзяцца каля 300 аб’ектаў юрыдычных і фізічных асоб.

Дарэчы, жыхары нашага раёна з кожным годам усё больш разумеюць перавагі такога спосабу захавання сваёй маёмасці, як перадача яе пад нашу ахову.

У задачы аддзялення ўваходзіць не толькі ахова аб’ектаў, але таксама папярэджанне і раскрыццё злачынстваў і правапарушэнняў у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання. Калектыў выдатна спраўляецца з пастаўленымі задачамі, у тым ліку і таму, што супрацоўнікі маюць выдатную прафесіянальна-баявую падрыхтоўку. Міліцэйскія машыны з савой на борце заўсёды ў лічаныя хвіліны прыбываюць на месца здарэння.

– Відавочна, што супрацоўнікі аддзялення аховы жывуць не толькі службай.

– Сапраўды, гэта так. Штогод нашы супрацоўнікі прымаюць удзел у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай работы і прафесійнай падрыхтоўкі, у чэмпіянатах па такіх службова-прыкладных відах спорту, як рукапашны бой, лёгкаатлетычны крос, стральба з табельнай зброі, службовае мнагабор’е. Як вынік удзелу ў гэтых мерапрыемствах – цэлы шэраг заслужаных дыпломаў.

Акрамя таго, як і ўсім людзям ім уласціва жаданне праяўляць іншыя свае здольнасці і таленты. Штогод у Магілёўскім абласным упраўленні праводзяцца агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, у якіх паспяхова ўдзельнічаюць супрацоўнікі раённага аддзялення і члены іх сем’яў.

Віншую ўсіх нашых супрацоўнікаў і ветэранаў з 65-гадовым юбілеем службы аховы МУС Рэспублікі Беларусь, жадаю ім моцнага здароўя, поспехаў і сямейнага дабрабыту.

Гутарыў Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *