З 16 па 22 кастрычніка праваахоўнікі склалі 23 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 16 па 22 кастрычніка праваахоўнікі склалі 23 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 14, дробнае хуліганства – 3, сямейны скандал – 5, дробны крадзеж – 1.

Недастача. Больш як 6 тысяч рублёў выручкі недалічыліся падчас праверкі аднаго з магазінаў райста ў Бялынічах. Зараз супрацоўнікі міліцыі высвятляюць, куды прадавец дзела такую буйную суму грошай.

Недагледзеў. Жыхарка аг. Вялікая Машчаніца паскардзілася праваахоўнікам на тое, што сабакі аднавяскоўца бегаюць без прывязі і агрэсіўна паводзяць сябе. У адносінах да гаспадара, які не прыглядае за сваімі гадаванцамі, складзены адміністрацыйны пратакол.

Пад “мухай”. 18 кастрычніка ў РАУС паступіла паведамленне аб тым, што працаўнік ААТ “Аграсэрвіс” знаходзіцца на сваім рабочым месцы на МТФ “Ланькаў” у стане алкагольнага ап’янення. Пад “мухай” з’явіліся на працу дзве работніцы МТФ ААТ “Бялынічы”. Яны таксама вырашылі, што справы пойдуць лепш, калі добра “падагрэцца” спіртным. Усе аматары моцных напіткаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Забыўся. Жыхар Пільшычаў забыўся ў адной з гандлёвых кропак аг. Цяхцін кашалёк з грашыма, банкаўскую картку і пенсійнае пасведчанне. Калі пажылы чалавек агледзеў страту, яго рэчы ўжо нехта скраў. Праверку праводзіць РАСК.

Крадуць жанчыны. Жыхарка Навасёлак паскардзілася ў міліцыю, што знаёмая ўкрала ў яе 6 тысяч расійскіх рублёў, а бялынічанка заявіла ў РАУС на сваю знаёмую, якая яшчэ ў жніўні гэтага года “прыхватызавала” яе залаты пярсцёнак. Праверку праводзіць РАСК.

Рана. Вечарам 21 кастрычніка ў ЦРБ паступіла жанчына з дыягназам: “нажавое раненне”. Высветлілася, што цялеснае пашкоджанне ёй прычыніў брат. Праводзіцца праверка.

Мала плацяць? Работнік аднаго з прыватных прадпрыемстваў Бялыніччыны палічыў, што яму мала плацяць, і скраў прадукцыю вытворчасці гэтай фірмы на агульную суму 70 рублёў. Праверку праводзіць ААПП.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *