З пажарнай часці на хлебную ніву

Сёлетняе жніво вельмі хутка вызначыла сваіх герояў. Шмат матэрыялаў у раённай газеце было прысвечана хлебаробам, але ж адначасова ахапіць усе падзеі немагчыма. Сёння гаворка пойдзе пра чалавека, які падчас уборачнай кампаніі памяняў пажарную часць на хлебную ніву.

белов

Віктар БЯЛОЎ працуе пажарным-выратавальнікам у Бялыніцкім РАНС. Так ён здзяйсняе сваю юнацкую мару: пасля заканчэння школы хацеў пайсці працаваць у МНС, аднак бацькі не дазволілі. Па іх меркаванні, сын павінен быў атрымаць вышэйшую адукацыю і працаваць па спецыяльнасці. Віктар паступіў у Горацкую сельгасакадэмію, пачаў вучыцца на агранома. Падчас вучобы ўдзельнічаў у складзе каманды студэнцкай аховы ў конкурсе “Студэнты. Бяспека. Будучыня”. Яна не толькі перамагла на абласным і рэспубліканскім этапах спаборніцтва, а нават выступіла на міжнародным этапе ў Польшчы, дзе заняла сёмае з 70 месцаў. Аднак пасля заканчэння другога курса Віктар зразумеў, што прафесія агранома не для яго, і, забраўшы дакументы, уладкаваўся на працу ў РАНС.

– Пакуль што я стажор, бо не праходзіў трохмесячную падрыхтоўку, – распавядае Віктар. – Але вельмі задаволены сваёй працай. Хоць зрэдку, калі еду на выклік, хвалююся… А як толькі прыязджаю на месца, усё праходзіць, бо каб дапамагчы людзям у надзвычайнай сітуацыі, трэба захоўваць абсалютны спакой.

Прызнаецца, што на жніве працаваў не першы год. У мінулым годзе ён таксама шчыраваў у СВК “Калгас “Радзіма”, а ў пазамінулым – дапамагаў ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. На ўборцы ўраджаю ён – памочнік камбайнера, але гэты зусім не азначае, што ў яго мала працоўных абавязкаў.

– Да працы ў полі я звыклы, бо мой бацька ўсё жыццё шчыраваў у сельскай гаспадарцы і з дванаццаці гадоў браў мяне з сабой. Не магу нават сказаць, што было цяжка. Ды і раней падпрацоўваў, калі была магчымасць, напрыклад, у будатрадзе. Словам, не прывык сядзець на адным месцы, дый у вёсцы надта не пасядзіш, – дзеліцца вопытам Віктар.

Дарэчы, па выніках раённага спаборніцтва па ўборцы зерневых і зернебабовых, маладзёжны экіпаж СВК “Калгас “Радзіма” ў складзе Яўгена Шалкоўскага і Віктара Бялова заняў першае месца. Малады чалавек таксама атрымаў падзяку і прэмію райкама ГА “БРСМ”.

Зараз у яго планах перавесціся на завочнае аддзяленне Горацкай акадэміі і ўсё ж такі атрымаць вышэйшую адукацыю. І… узнавіць пчальнік. Калісьці  ў дзяцінстве бацька распавядаў яму, што дзед трымаў пчол. На жаль, жывым яго хлопец не застаў – дзядуля памёр яшчэ да народзінаў унука. Некалькі гадоў таму Віктар пазнаёміўся з пчалярскай справай бліжэй. Аднойчы прыехалі з бацькамі да знаёмых, у якіх было некалькі домікаў. І гэты занятак так захапіў хлопца, што потым ён нават развёў у сябе 10 пчаліных сем’яў. Наконт свайго хобі Віктар кажа так:

– Паўплывала, канечне, памяць пра дзеда, пра яго захапленне. Мёдам частаваліся самі і частавалі знаёмых і сваякоў. Зараз планую заняцца пчалярствам зноў, бо вельмі падабаецца гэта справа.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *