Крысціна Вараб’ёва працуе ў РЦК некалькі гадоў

Бялыніцкі край багаты на таленты. Сёння гаворка пойдзе пра дзяўчыну, якая спявае насуперак усім жыццёвым абставінам. Крысціна Вараб’ёва працуе ў РЦК некалькі гадоў, а песні ў яе выкананні палюбіліся і бялынічанам, і гасцям нашага горада.

крис

З будучай прафесіяй Крысціна вызначылася яшчэ ў раннім дзяцінстве: у чатыры годзікі дзяўчынка трапіла ў музычную студыю “Расінка”, дзе заняткі вяла Валянціна ЛЯНЬКОВА. У яе займалася да дзявятага класа. А потым паехала з родных Бялынічаў вучыцца ў Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А. Рымскага-Корсакава. Паступіла на платнае аддзяленне, і, хоць з грашамі ў сям’і было цяжкавата, вучылася, бо вельмі жадала быць артысткай. Менавіта ў каледжы яна пачала спяваць песні не толькі ў эстраднай, але і ў народнай манеры.

Толькі нічога не даецца ў жыцці задарма. На трэцім курсе здарылася бяда з галасавымі звязкамі. Крысціна распавядае:

– Пачалося з простага дыягназу “ангіна”, але знаёмыя параілі з’ездзіць у Мінск у РНПЦ отарыналарынгалогіі, праверыцца. І калі туды прыехала, аказалася, у мяне два вузлы на звязках – а гэта канец прафесіі. Урачы там аказаліся вельмі добрыя і высокакваліфікаваныя, яны не толькі патлумачылі, ад чаго я захварэла, але і прызначылі спецыяльнае лячэнне. Са мной займалася спецыяліст, якая рыхтавала да Еўрабачання Дзмітрыя Калдуна. Дзякуючы ёй стала адчуваць сябе нашмат лепш. Праз месяц, калі вярнулася на вучобу, выкладчыкі мой голас нават не пазналі… Ён стаў іншым.

Шлях да зорак заўсёды пралягае праз церні. Але менавіта пераадоленне перашкод застаўляе расці і ўдасканальваць набытыя навыкі. Галоўным сваім Настаўнікам у жыцці Крысціна лічыць маму, якая заўсёды падтрымлівае і дапамагае, і хросную Валянціну Лянькову. Але ёсць яшчэ адзін чалавек, якому трэба сказаць дзякуй за тое, што праз знявагу і пастаянныя канфлікты заставіў паверыць у свае сілы – гэта адна з выкладчыц каледжа. Яна магла не толькі насварыцца, але і нотным сшыткам запусціць у падапечную. Толькі з часам да Крысціны прыйшло разуменне: калі ты нічога з сябе не ўяўляеш, цябе не чапаюць, але як толькі бачаць твой талент і патэнцыял, пачынаюць зайздросціць.

У РЦК Крысціна пачала спяваць у ансамблі “Бялыніца”, калі ім кіравала Таццяна ГРЫБКОВА. І ўжо тады дзяўчына ведала, што хоча стварыць свой уласны калектыў. Ды не звычайны: думкі аб тым, каб быць салісткай у ваенным мужчынскім хоры і нават дырыжыраваць ім, існуюць і па сённяшні дзень. А вось ансамбль “Славяне”, якім зараз кіруе Крысціна, – гэта тая частка мары, што ўжо здзейснілася.

– Мне больш падабаецца спяваць у калектыве. Бывае складана сабраць усіх яго ўдзельнікаў у прызначаны час, усе мы дарослыя людзі са сваімі клопатамі. Але якое гэта задавальненне – убачыць вынікі сваёй працы. Дарэчы, мы займаемся не толькі падрыхтоўкай сцэнічных нумароў, але і касцюмамі: самі перашываем і “падганяем” канцэртныя сукенкі да кожнага нумара, – кажа спявачка.

Напэўна, у кожнага творчага чалавека ёсць нейкія асобы, чыя справа захапляе, на каго ён арыентуецца. Крысціне вельмі падабаецца творчасць Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Г.І. Цітовіча, а таксама рэпертуар расійскіх спевакоў Варвары і Грыгорыя Лепса. У іх яна знаходзіць цікавую стылістыку выканання песень і, што не менш важна, моцны энергетычны пасыл, які зараджае слухачоў.

Аб успрыманні сваёй творчасці гледачамі дзяўчына кажа так:

– Бывае па-рознаму: часам бачыш падтрымку і цікаўнасць зала, а часам – наогул нічога. Узаемадзеянне з залам – гэта вельмі тонка. Але, як бы ні складвалася сітуацыя, заўсёды максімальна выкладваюся на сцэне, аддаю ўсе свае сілы і эмоцыі.

Планамі на будучыню творчыя людзі звычайна не вельмі хочуць дзяліцца, бо іх заўсёды шмат. Але Крысціна прыадчыніла заслону тайны.

Зараз яна завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Менеджмент міжнародных культурных сувязей”. Пасля заканчэння каледжа хацела працягваць вучыцца спяваць, але для таго, каб паступіць на бюджэтнае аддзяленне ва ўніверсітэт культуры, не хапіла аднаго бала – і яна абрала іншую спецыяльнасць. Наконт гэтага спявачка распавяла адну  павучальную гісторыю са свайго жыцця:

– Калісьці са мной займаўся рэпетытарствам Анатоль ГАЛКІН, ён выкладаў у Мінскім дзяржаўным музыкальным каледжы імя М.І. Глінкі. На жаль, ужо сышоў з жыцця. І калі ён аднойчы казаў калегу, што ў мяне ёсць патэнцыял і пры жаданні з мяне можна зрабіць штосьці значнае ў сэнсе творчасці, то падумала: чаму я не магу сама зрабіць з сябе прафесіянала? Бо многае ў жыцці залежыць толькі ад нас саміх.

Зараз, па словах Крысціны, ёй хацелася б папоўніць свой рэпертуар англа- і іспанамоўнымі песнямі і паспрабаваць прыняць удзел у знакамітым конкурсе “Голас”, які праходзіць у Расіі. Дзяўчыну цягне да большага, і спыняцца ў творчым росце яна не збіраецца. Хочацца паспець рэалізаваць сябе і прафесійна, і ў сямейным жыцці. Галоўнае – ставіць перад сабой мэты і ісці да іх крок за крокам, пераадольваючы ўсе перашкоды.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *