Магіляўчанка Алена ЛАПУШАВА і не толькі з’ехала ў глыбінку, але і пабудавала там агра-экасядзібу

Рэдакцыйная “Лада” жвава імчыць па прыгожай асенняй дарозе. Парывы ветру зрэдку абсыпаюць яе залацістай і барвянай лістотай. А шлях у машыны няблізкі – яна кіруецца ў самы аддалены куточак Бялыніччыны, на станцыю Друць. Побач з чыгункай, на самым стыку Магілёўскага, Бялыніцкага і Клічаўскага раёнаў знаходзіцца наша канчатковае месца прызначэння.

Лап

Раней гэты будынак выкарыстоўваўся як база адпачынку, а з 2000 года пакрысе пачаў прыходзіць у заняпад. Алена Уладзіміраўна знайшла гэта месца выпадкова. Убачыла і адразу ж закахалася ў сасновы лес, Друць і маляўнічыя мясціны.

— Канечне, жаданне стварыць аграэкасядзібу ажыццявіла не адразу, — распавядае жанчына. – База адпачынку была ў вельмі непрыглядным стане: забітыя дошкамі вокны і дзверы, развалены падмурак, падлога прагніла… Спачатку я пачала шукаць гаспадароў дома, каб яго купіць. Гэта запатрабавала шмат намаганняў, бо лягчэй было знайсці іголку ў стозе сена, чым таго, каму належыла гэта пабудова. Афармленне неабходных дакументаў таксама заняло значны час і сродкі, але ў галаве ўжо віравала безліч ідэй, планаў, як і што я тут буду рабіць.

Але перад тым, як пачаць аднаўляць дом, Алена Лапушава ўзяла ў арэнду… возера. Знаёмыя падказалі заняцца вырошчваннем рыбы, каб акупіць фінансавыя затраты, якія  абавязкова ўзнікнуць пры афармленні аграсядзібы.

Жанчына прывяла  ў парадак навакольную тэрыторыю, запусціла ў возера малькоў карпа і таўсталобіка. Канечне, яе актыўная дзейнасць прыйшлася не даспадобы некаторым мясцовым жыхарам, якія не саромеліся памыць побач свае аўтамашыны ці выкінуць у ваду смецце. Дый прадстаўнікі розных правяраючых органаў здзіўляліся, навошта жанчына-гараджанка займаецца такой “нежаноцкай” справай.

Рыбны “бізнес” аказаўся небеспаспяховым. У дадатак да гэтага Алена Уладзіміраўна аформіла ў банку крэдыт, прызначаны для падтрымкі аграсядзіб. Усе сродкі пайшлі на аднаўленне дома, прывядзенне яго ў належны выгляд. Зараз, як прызнаецца гаспадыня, не сорамна і замежных гасцей запрасіць, а першым часам вочы не хацелі глядзець на ўчастак работы, якую патрэбна было зрабіць. Аднак, вочы баяцца, а рукі робяць. Дапамагала дачка, блізкія, а многія будаўнічыя работы выконвала сама. Напрыклад, уласнаручна пасцяліла ламінат у пакоях, узнавіла камін у галоўнай зале, пашыла занавескі на вокны. Асаблівую прыгажосць інтэр’еру дадаюць і карціны з бісеру, якія жанчына вышывае доўгімі зімовымі вечарамі, самаробныя дыванкі. Натуральна, такі вялікі дом зімой патрэбна ацяпляць, таму гаспадыня паклапацілася і пра гэта. Падгледзела ў інтэрнэце перавагі дзеяння сістэмы інфрачырвонага ацяплення і ўстанавіла такую ж у сябе.

Цяпер у бліжэйшых планах пасадзіць пладовы сад, навесці парадак на другім паверсе і ачысціць ад буралому ўчастак лесу, які прымыкае да самага дома. Літаральна ў некалькіх дзясятках метраў ад аграсядзібы знаходзіцца рака Друць, і людзі, якія прыязджаюць туды на рыбалку, бачаць вельмі непрыглядную карціну ў выглядзе непралазнага хмызняку і паваленых ветрам дрэў. Нехта, можа, і змірыўся б з гэтым, але Алена Уладзіміраўна настроена рашуча.

— Хочацца зрабіць і наваколле прыгожым, — дзеліцца жанчына. – Добра было б, каб і з мясцовых жыхароў хто-небудзь далучыўся да маёй ідэі.

дом 1

дом 2

камин

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *