На сцэне Вішоўскага СЦК і ВЧ адбылася прэм’ера лірычнай меладрамы “Вечар” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксея Дударава

У рамках творчага праекта “Бялыніцкая тэатральная восень” на сцэне Вішоўскага СЦК і ВЧ адбылася прэм’ера лірычнай меладрамы “Вечар” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксея ДУДАРАВА.

Юбилей

Удзельнікі самадзейнага тэатральнага калектыву Вішоўскага цэнтра культуры разам з яго рэжысёрам Валянцінай ПАЎЛОВІЧ не аднойчы радавалі цікавымі пастаноўкамі мясцовых аматараў тэатра. Вось і зараз падзеі, якія разгарнуліся на сцэне, у адно імгненне захапілі ўвагу гледачоў. Эфект прысутнасці адчуваўся літаральна ў кожнай рэпліцы герояў.

Ролі Васіля і Ганны бліскуча выканалі пастаянныя ўдзельнікі тэатральнага калектыву Уладзімір ЧУЖАЎКА і Людміла ШУТ. Складаны вобраз Мікіты Гастрыта ўвасобіў у жыццё Сяргей ГАНЧАРУК.

Дзеючыя асобы пастаноўкі – апошнія жыхары паміраючай вёскі Вежкі. Васіль, Ганна і Мікіта дажываюць свой век у адзіноце. У кожнага з іх за плячыма шаноўны ўзрост, свая жыццёвая філасофія… Ёсць і дзеці, якія па розных прычынах забыліся дарогу дадому.

Вось 116

Вось 133

Штораніцы Васіль выходзіць за вадой, сустракае сонца, размаўляе з ім, як з найлепшым сябрам і пазірае на дарогу. Раптам на ёй нехта з’явіцца. З дзівакаватага старога па-добраму пасмейваюцца аднавяскоўцы. Але Ганна паважае Васіля. Не толькі за гаспадарлівасць і працавітасць, але, перш за ўсё, за шчырасць, любоў да свету і людзей. Таму прабачае яму падман, калі той, нібыта ад імя яе сына, піша ліст на радыё, каб прыўнесці ў жыццё жанчыны крышку радасці, адчуванне сваёй патрэбнасці. Яна згаджаецца жыць разам з Васілём, каб удваіх спраўляцца з прыкрай адзінотай. Інакш паводзіць сябе Мікіта Гастрыт. Мікіта – “сазнацельны” чалавек. Яго жыццё было таксама нялёгкім, але, як сам пра сябе сказаў, пажыў толькі на 50 працэнтаў. Ён не супраць праўды, але праўда ў яго свая, аднабокая. На яго думку, кожны павінен карыстацца тым, што заслужыў, напрыклад, бясплатным абедам у калгаснай сталоўцы. Таму Мікіта пастаянна ўступае ў спрэчкі з Васілём і толькі перад смерцю пачынае разумець, што рабіў нешта не тое, думаў толькі пра сябе, сваёй “сазнацельнасцю” прычыніў людзям шмат шкоды. Ён задае Васілю рытарычнае пытанне – навошта мы ўсе жывём на гэтым свеце?

Апошняя сцэна п’есы – Ганна і Васіль пільна ўглядаюцца ў дарогу, якая цягнецца да вёскі. Па ёй ідзе чалавек. І ён нікуды не збочвае, кіруецца прама ў Вежкі. Гэта можа азначаць і трывогу, і надзею. Што канкрэтна, выбірае сам глядач.

P.S. Навошта мы жывём на гэтым свеце? Нашай згоды бацькі не пыталі… Нарадзілі, і ўсё… Хочаш не хочаш, а жыць трэба… Жыць і чалавекам застацца… (А. Дудараў, драматург)

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *