Алкаголь давёў да нажа

Папярэднічаў гэтай гісторыі, як і многім іншым, выпіты алкаголь, які ледзь не прывёў да трагічнага фіналу маладога жыхара Бялыніччыны Івана П. (імёны і прозвішчы герояў матэрыялу зменены). У пачатку чэрвеня бягучага года ён атрымаў удар нажом ад свайго аднавяскоўца Андрэя К., які зараз асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.

Пачалося ўсё з таго, што сяброўка Івана Марыя В. завітала да яго ў госці, але праз некаторы час агледзела, што забылася дома зараднае ад свайго тэлефона. Дзяўчына вырашыла за ім вярнуцца. Па дарозе сустрэла Андрэя. Яны пасварыліся. Вярнуўшыся да Івана, распавяла яму пра тое, што адбылося.

Каля паловы першага ночы Іван вырашыў пайсці да мужчыны, каб разабрацца ў канфлікце. На гэты час ён быў ужо на падпітку, хацелася “пачасаць” кулакі. А вось Андрэй, які таксама знаходзіўся “пад градусам”, спакойна спаў у сваёй хаце. Зайсці ў дом для Івана не склала праблемы: дзверы былі адчынены. Тут маладому чалавеку падалося, што халадзільнік, які стаіць у мужчыны, той украў у яго. Як выстветлілася потым, бытавы прыбор Андрэю аддала маці Івана. Але адных падазрэнняў хапіла для таго, каб грубая сварка перарасла ў бойку. Пры ўсім гэтым прысутнічала і Марыя, якая спрабавала разняць мужчын, якія не на жарт разбушаваліся. Ёй прыйшлося потым выклікаць і хуткую дапамогу, бо аднымі кулакамі справа не абышлася. Андрэй выйшаў на кухню, а потым вярнуўся адтуль з нажом. Усё адбылося так хутка, што Іван нават не запомніў, як і чым яго ўдарылі ў жывот. Толькі адчуў рэзкі боль, адпіхнуў мужчыну і выскачыў на вуліцу.

Пашкоджанні, якія ён атрымаў, адносяцца да групы цяжкіх цялесных. У ходзе следства Андрэя прызналі віноўным, а таксама ўстанавілі, што ён не знаходзіўся ў стане афекту і не меў іншых псіхічных парушэнняў, калі нанёс удар пацярпеламу. Абцяжваючай акалічнасцю з’яўляецца алкагольнае ап’яненне. З улікам раскаяння асуджанага ва ўчыненым згодна арт. 147 ч. 1 КК РБ ён пазбаўлены волі на чатыры гады.

Ігар БЕЛЬСКІ,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *