Сакрэт сямейнага саюза жыхароў вёскі Лубяны Міхаіла і Ніны Клюшнёвых

Іншы раз, размаўляючы з сямейнымі парамі, прыходзілася чуць ад суджэнцаў не зусім прыемныя словы ў адрас сваіх “палавінак”. Прычым казалі іх не толькі жанчыны, але і мужчыны. Фразы накшталт: “разам мы толькі дзеля дзяцей” балюча раняць сэрца. І заўсёды ў такіх гутарках стараюся прывесці  як аргумент жыццёвыя гісторыі людзей, якія пражылі  разам пяцьдзясят і больш гадоў.

Такія сямейныя пары ў многім падобныя адна на адну, але самае галоўнае, што аб’ядноўвае іх, – клопат, павага і працалюбства. Менавіта ў гэтых простых рэчах заключаецца сакрэт сямейнага саюза жыхароў вёскі Лубяны Міхаіла і Ніны КЛЮШНЁВЫХ. Пажаніліся яны ў далёкім 1957 годзе і вось ужо 60 гадоў ідуць па жыцці рука аб руку. Вырасцілі чацвярых дзяцей, маюць шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.

Міхаіл Фёдаравіч нарадзіўся ў суседнім пасёлку Крайні. Яшчэ падлеткам стаў працаваць у тадышнім калгасе імя Ільіча, бо з раняга ўзросту яго прываблівала тэхніка. А дзе ж яе можна было сустрэць, як не на калгасных палях?

У пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя людзі жылі небагата. Знаёмыя ўгаварылі яшчэ непаўналетняга Міхаіла паехаць з імі на Поўнач зарабляць грошы. Ён уладкаваўся рабіць матросам на адным з суднаў Паўночнага флоту. Але пратрымаўся там нядоўга. Прыехаў на Радзіму на пабыўку, дый застаўся назаўсёды. У Буйнічах адвучыўся на трактарыста, стаў працаваць у родным калгасе. А ў хуткім часе ажаніўся з дзяўчынай з Лубянаў.

свадьба

— На вяселле прыехаў у ботах, бо не было грошай на туфлі, — жартуе Міхаіл Фёдаравіч. – Сам пабудаваў хату, разам з жонкай уладкоўвалі, абжывалі яе. Усё жыццё трымалі вялікую гаспадарку, працавалі…

Дзе-дзе, а ў вёсцы занятак заўсёды знойдзецца. Міхаіл Фёдаравіч шмат гадоў прарабіў механізатарам у бульбаводчай галіне калгаса імя Ільіча. Быў звеннявым, да прафесійных абавязкаў адносіўся вельмі адказна. Не аднойчы як перадавік вытворчасці бываў у складзе дэлегацыі нашага раёна на выставе   дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Мае два бронзавыя медалі, сярэбраны і залаты “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР”, медалі “За працоўную адзнаку” і “За доблесную працу”, ордэн Працоўнай Славы ІІ ступені, шматлікія знакі пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў. Перад выхадам на заслужаны адпачынак купіў сабе трактар, на якім і па сёння абрабляе соткі сабе і блізкім.

кот

Ніна Іванаўна працавала і даяркай, і цялятніцай, і на свінаферме рабіла. Дый зараз, нягледзячы на паважаны ўзрост, ні хвілінкі не сядзіць на месцы. У гаспадарцы яшчэ ёсць курачкі, пчолы, трусы ды пара кабанчыкаў.

Не забываюцца на іх дзеці, унукі і праўнукі, наведваюць, дапамагаюць.

На пытанне аб тым, як здолелі захаваць свае адносіны і прайшлі разам столькі гадоў, абое паціскаюць плячыма: рознае было, шмат радасцей перажылі, нямала і гора. А адказ і шукаць далёка не трэба. Ён – у працы, у штодзённых клопатах, у адказнасці адзін за аднаго, ва ўсім тым паўсядзённым сялянскім жыцці, якое было ў іх ад веку. Гэта прыгожая пажылая пара – прыклад і навука для сённяшняй “нецярплівай” моладзі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара

і з архіва сям’і Клюшнёвых.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *