З надыходам ацяпляльнага сезона супрацоўнікі РАНС з мэтай прафілактыкі няшчасных выпадкаў пачасцілі наведванне асобных груп грамадзян

У рамках акцыі “За бяспеку разам” аглядальная камісія ў складзе старшага інжынера групы арганізацыі функцыянавання ДСНС і ГА Ільі ЦІКУНОВА і ўпраўляючай справамі Лебядзянкаўскага сельвыканкама Вольгі МАРДАЧОВАЙ наведала адзінокапражываючых грамадзян і пенсіянераў, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета. Далучылася да іх і карэспандэнт райгазеты.

Безимени-1

З надыходам ацяпляльнага сезона супрацоўнікі РАНС з мэтай прафілактыкі няшчасных выпадкаў пачасцілі наведванне асобных груп грамадзян, якія патрабуюць дадатковай увагі.

Па словах Ільі Уладзіміравіча, падобныя рэйды яны зараз праводзяць рэгулярна, таму што людзям на пастаяннай аснове трэба нагадваць пра правілы пажарнай бяспекі.

Крыху раней аглядальная камісія наведала ўсе домаўладанні сельсавета, і, варта адзначыць, што грубыя парушэнні не былі выяўлены. Але асобных домаўладальнікаў прыватнага сектара варта наведваць часцей, каб быць упэўненымі, што яны памятаюць пра правілы супрацьпажарнай бяспекі.

– Аглядальная камісія працуе з года ў год, людзі ўжо прывыклі да гэтага і самі пачынаюць загадзя рыхтавацца да ацяпляльнага сезона, – адзначыла Вольга Мардачова. – Не чакаюць, калі мы прыйдзем і пакажам ім на недахопы. А калі яны ўсё ж такі выяўляюцца, то, як правіла, жыхары домаўладанняў адразу ліквідуюць дапушчаныя парушэнні, бо ведаюць, што мы зноў прыйдзем да іх і праверым.

За некалькі гадзін удзельнікі рэйду наведалі каля дзесяці прыватных дамоў, праверылі стан печаў, электраправодкі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

– Калі ў вас ужо ёсць пажарны апавяшчальнік, то вы абавязаны сачыць за тым, каб ён знаходзіўся ў працоўным стане, і своечасова мяняць у ім элементы сілкавання, – адзначыў Ілья Цікуноў. – У адваротным выпадку, за гэта парушэнне члены аглядальнай камісіі маюць поўнае права скласці на вас пратакол. І сума штрафу, дарэчы, будзе значна вышэй, чым кошт батарэек для АПА.

Таксама жыхарам нагадалі, што курэнне ў ложку – першая прычына ўзнікнення пажараў і прасілі людзей не злоўжываць шкоднымі звычкамі ў памяшканні.

Добра, што большасць грамадзян гэта разумее і імкнецца самастойна ліквідаваць усе непаладкі і падрыхтаваць сістэму ацяплення да зімовага перыяду.

– Мы ж разумеем, што з агнём жарты дрэнныя, і ўжо загадзя рыхтуемся з мужам да наступлення зімы, – пракаментавала жыхарка в. Барок Святлана СТАЛЯРОВА.

Пажылым адзінокапражываючым грамадзянам, якім цяжка самастойна справіцца з хатнімі справамі, сельвыканкам прапаноўвае пераехаць на зімовы перыяд у вёску Прыбар, дзе прадстаўнікі ХДГА “Табея” арганізуюць догляд за нямоглымі людзьмі. Дарэчы, жыхар в. Лебядзянка Фёдар КОТАЎ пагадзіўся з такой прапановай і ў лістападзе паедзе ў Прыбар, а з надыходам вясны зноў вернецца ў родную хату.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *