Мемарыяльная дошка была ўрачыста адкрыта ў знак памяці галоўнага агранома СВК “Калгас “Радзіма” Васіля Лазоўскага

У мінулую суботу на пляцоўцы каля ўваходу ў яблынева-грушавы сад  была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў знак светлай памяці галоўнага агранома гаспадаркі Васіля ЛАЗОЎСКАГА.

Безимени-1

Васіль Барысавіч трыццаць пяць гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў СВК “Калгас “Радзіма”. Дасягнуўшы высокага прафесійнага майстэрства, ён пакінуў яркі, яскравы след як на роднай зямлі, так і ў сэрцах многіх і многіх людзей, з якімі сябраваў, працаваў, жыў.

Адкрыў урачысты мітынг з нагоды ўсталявання мемарыяльнай дошкі намеснік старшыні праўлення па ідэалагічнай рабоце СВК “Калгас “Радзіма” Міхаіл СКУСАЎ. Міхаіл Анатольевіч ахарактарызаваў Васіля Лазоўскага як адказнага прафесіянала самага высокага класа і добразычлівага, чулага, сардэчнага чалавека, для якога ніколі не было невырашальных задач.

Старшыня праўлення СВК “Калгас “Радзіма”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ, звяртаючыся да прысутных, сярод якіх знаходзіліся сябры і родныя Васіля Барысавіча, яго калегі-ветэраны, працаўнікі гаспадаркі, падкрэсліў асабісты вялікі і значны ўклад Васіля Лазоўскага ў сённяшнія дасягненні сельгаспрадпрыемства, выпрацоўку сістэмы культуры сучаснага земляробства, яе далейшае развіццё.

лазвас 011

— Гэта пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным самым актыўным удзеле, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч, – восенню 2007 года быў закладзены і наш сад. Пачыналі з 14 гектараў. Васіль Барысавіч дакладна ведаў і верыў у прыбытковасць яблынь і груш, усяляў гэту думку і ў сэрцы тых, хто скептычна адносіўся да новага кірунку спецыялізацыі калгаснай сельгасвытворчасці.

Патомны селянін і хлебароб, ён проста быў перакананы, што гаспадарцы трэба асвойваць і садоўніцтва. Сады заўсёды былі, ёсць і будуць аздобай вёскі.

Справа, пачатая Васілём Лазоўскім дзесяць гадоў таму, паспяхова працягваецца. Сёння калгасны сад займае больш за 100 гектараў і з’яўляецца адной з яскравых візітовак  СВК “Калгас “Радзіма”. Дакладна пралічаная маркетынгавая палітыка ў адносінах да збыту ўраджаю, увод сховішча на 350 тон, закладка ўласнага  гадавальніка актыўна садзейнічаюць напаўненню і эканамічна-фінансавага складніка новай галіны калгаснай сельгасвытворчасці.

Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў прысутным на мітынгу за тое, што яны ў сваіх сэрцах берагуць памяць пра Васіля Лазоўскага. Асаблівыя словы падзякі кіраўнік гаспадаркі адрасаваў начальніку аддзела раслінаводства райсельгасхарча Алегу ЗАЛУЦКАМУ, які літаральна адразу ж пасля смерці Васіля Барысавіча, выступаючы на чарговым справаздачным сходзе СВК “Калгас “Радзіма”, выказаў ідэю ўшанавання памяці галоўнага агранома гаспадаркі праз усталявання ў яго гонар мемарыяльнай дошкі.

лазвас 016

Безумоўна, прысутнічаў на мітынгу і Алег Анатольевіч. Ён таксама падзяліўся ўласнымі ўспамінамі аб сумеснай працы з Васілём Барысавічам, распавёў пра жыццёвыя стасункі з ім, адзначыўшы, што гэта быў вельмі надзейны калега і чалавек, адзін з найдасведчайнейшых аграномаў раёна, у якога заўсёды было чаму павучыцца і які не скупіўся дзяліцца сваімі глыбокімі ведамі і багатым, унікальным вопытам з маладзейшымі хлебаробамі.

Ветэран агранамічнай справы Бялыніччыны Уладзімір СПОГАР, якога з Васілём Барысавічам звязвалі дзесяцігоддзі шчырага сяброўства і працы, звярнуў увагу на ўдачнае месца размяшчэння мемарыяльнай дошкі. Цяпер кожны, хто будзе ехаць ці ісці па дарозе каля саду, абавязкова зверне сваю ўвагу на велічны камень з такой жа велічнай мемарыяльнай шыльдай, на якой змешчаны фота-здымак Васіля Лазоўскага і наступны тэкст: “Мемориальная доска установлена в память главного агронома Белыничского СПК “Колхоз “Родина” Лазовского Василия Борисовича, под руководством и непосредственном активном участии которого был заложен фруктовый сад осенью 2007 года”.

Уладзімір Валянцінавіч адзначыў, што яблынева-грушавы сад СВК “Калгас “Радзіма” заслужана лічыцца лепшым у Магілёўскай вобласці і адным з лепшых у Беларусі. І ў гэтым вялікая заслуга, што-дзённая руплівая і карпатлівая праца Васіля Лазоўскага, які быў каля самых вытокаў гэтага поспеху і асабіста рабіў усё магчымае, каб ён хутчэй наступіў, а сад прыносіў пастаянны гарантаваны прыбытак гаспадарцы.

Наступіў момант адкрыцця памятнай дошкі. Зняць пакрывала з яе даручана галоўнаму інжынеру гаспадаркі Аляксандру БАРТЫЛЁВУ, які сябраваў і плячо ў плячо працаваў з Васілём Лазоўскім апошнія трыццаць пяць гадоў.

Прысутныя на мітынгу ўшанавалі светлую памяць Васіля Барысавіча хвілінай маўчання і ўсклалі да толькі што адкрытай мемарыяльнай дошкі жывыя кветкі, а затым наведалі яго магілу.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *