Традыцыйныя праводзіны прызыўнікоў на службу ва Узброеныя Сілы Беларусі прайшлі 8 лістапада ў РЦК

Традыцыйныя праводзіны прызыўнікоў на службу ва Узброеныя Сілы Беларусі прайшлі 8 лістапада ў РЦК. З новай старонкай  біяграфіі павіншавалі будучых абаронцаў Айчыны прадстаўнікі ваенкамата, былыя ваеннаслужачыя і артысты РЦК.

пріз5

– На службу ў беларускае войска адправяцца больш за 40 прызыўнікоў, – праінфармаваў ваенны камісар Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалай ГАМОЛКА. Таксама ён павіншаваў навабранцаў і перасцярог іх ад неабдуманых учынкаў, бо, па яго словах, парушэнне заканадаўства чалавекам у форме караецца максімальна строга.

На ўрачыстых праводзінах з прамовай выступіў ветэран Дэпартамента аховы МУС, былы воін-афганец Уладзімір КАРПУХІН. Можна сказаць, што ваенная прафесія дасталася яму ў спадчыну ад бацькі. Уладзімір Васільевіч пажадаў прызыўнікам быць мужнымі, бо армія прызначана зрабіць чалавека лепшым, мацнейшым.

Граматай ваеннага камісарыята за актыўны ўдзел у арганізацыі прызыву маладога папаўнення Узброеных Сіл краіны была ўзнагароджана работнік ЦРБ Наталля КОТАВА.

Не абышлося і без цікавых конкурсаў, якія падрыхтавалі для будучых салдат артысты РЦК. Апранацца за 45 секунд і есці навыперадкі яны пачалі вучыцца прама падчас мерапрыемства. Праверылі і інтэлектуальныя здольнасці навабранцаў: задавалі ім пытанні пра віды ўзбраення і іерархію ваенных званняў.

пріз7Сваімі ўражаннямі і планамі падзяліўся прызыўнік Аляксей ЦЫБУЛЬСКІ:

– Лічу, што служба ў арміі неабходна для кожнага мужчыны. Ужо ведаю, што буду служыць у 72 АВЦ, што ў Печах. Такім размеркаваннем задаволены, адслужыць мне трэба адзін год, бо атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДСГА. Думаю, што ўсё будзе добра, і служба ў арміі застанецца ў памяці назаўсёды.

Вядома, сёння не ўсе маладыя людзі жадаюць ісці ў армію, бо, шчыра кажучы, гэта не самы лёгкі перыяд у жыцці. Сваім меркаваннем наконт гэтага падзяліўся Мікалай Гамолка:

– Адносіны да службы ва Узброеных Сілах зафіксаваны, па-першае, юрыдычна ў Канстытуцыі Беларусі. Па-другое, гэта абавязак кожнага грамадзяніна, які ён павінен выканаць. Да ваеннай службы складаней за ўсё падрыхтаваць сябе маральна, бо кожны дзень трэба рабіць не тое, што хочацца, а тое, што абавязаны. Гэта праца над утаймаваннем свайго эга. Лічу, што лепш за ўсё служыць далёка ад дома – так менш сумуеш па родных.

пріз6

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *