Беражыце сваю маёмасць

Выпадкі крадзяжоў у знаёмых людзей, на жаль, здараюцца не так ужо і рэдка, таму народная прымаўка “Давярай, але правярай” і па сёння застаецца актуальнай.

У пачатку кастрычніка ў адной з гандлёвых кропак аг. Цяхцін пакупнік згубіў кашалёк з грашыма, банкаўскую картку і дакументы. Прапажу знайшла знаёмая жанчына, якая аднойчы ўжо была судзімая за крадзёж. І хоць яна мела магчымасць вярнуць рэчы, аднак не толькі не зрабіла гэтага, а патраціла знойдзеныя грошы на ўласныя патрэбы.

Праваахоўнікі хутка ўстанавілі злачынцу. Зараз ёй пагражае крымінальная адказнасць па арт. 205 і 212 Крымінальнага кодэкса РБ.

Нагадваем грамадзянам, што маёмасць, часова пакінутая ўласнікам без нагляду, лічыцца яго ўласнасцю, таму дзеянні іншых асоб у адносінах да гэтых рэчаў лічацца крадзяжом.

Да такога статусу адносяцца рэчы, пакінутыя ўладальнікам у гардэробе, кватэры, на прылаўку магазіна, каля разліковага акенца касы і іншым месцы на невялікі час; маюць ідэнтэфікацыйныя прыкметы прыналежнасці канкрэтнаму чалавеку або арганізацыі; пакінутыя на відным месцы, дзе іх могуць заўважыць кліенты або супрацоўнікі арганізацыі (установы).

Майце на ўвазе і тое, што банкаўская картка з’яўляецца вашым кашальком, таму выконвайце асноўныя правілы карыстання ёй:

— нельга паведамляць свой ПІН-код трэцім асобам, у тым ліку і работнікам банка, а таксама захоўваць яго разам з карткай ці запісваць на ёй. ПІН-код патрэбна ведаць на памяць;

— пажадана падключыць паслугу “СМС-апавяшчэнняў”. Яна дапаможа кантраляваць ваш рахунак і аператыўна рэагаваць у выпадку супрацьпраўных дзеянняў зламыснікаў;

— у выпадку, калі вы згубілі картку або яе ўкралі ці ёсць падазрэнне, што нехта незаконна ёй карыстаецца, яе неабходна абавязкова заблакіраваць;

— пасля зробленай пакупкі ўпэўніцеся, што не забыліся забраць картку.

Юрый ЯЦКОЎ,

старшы следчы РАСК.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *