Механізатар ААТ “Аграсэрвіс” Леанід Зайцаў ужо 30 гадоў шчыруе ў сельскай гаспадарцы

Ніхто загадзя не ведае, што накануе яму лёс. Але так ужо створаны чалавек, што на сваю будучыню ўскладае вялікія надзеі, усімі сіламі імкнецца ажыццявіць запаветныя мары.

ЗаяцМеханізатар ААТ “Аграсэрвіс” Леанід ЗАЙЦАЎ з дзяцінства марыў пра мора. Ажыццявіць свае ўзнёслыя жаданні ў той час не складала асаблівых цяжкасцей. Вялікая дзяржава пад назвай Савецкі Саюз моцна трымалася на нагах, і ў маладога чалавека было шмат варыянтаў выбару: Чарнаморскі, Ціхаакіянскі, Паўночны флоты… Тэрміновую вайсковую службу Леанід Рыгоравіч праходзіў у Германіі, а затым уладкаваўся матросам на эстонскае гандлёвае судна. Праца падабалася. Геаграфія яго марскіх паходаў была вельмі шырокай: Скандынавія, краіны Заходняй Еўропы, Афрыка…

Пасля працяглых падарожжаў асабліва цягнула на малую радзіму, у родную вёску.

— Сустрэў прыгожую дзяўчыну з Ланькава, закахаўся, і марская рамантыка для мяне закончылася, — жартуе Леанід Зайцаў. – Пайшоў працаваць у тадышні калгас імя Энгельса і ўжо 30 гадоў шчырую ў сельскай гаспадарцы. Праляцеў гэты час, як адзін дзень.

Зямля таксама нагадвае мора. Ралля – карычневае, рунь – зялёнае, а ніва – залатое.

Леанід Рыгоравіч не шкадуе, што застаўся працаваць на роднай зямлі. Выраслі сын і дачка, знайшлі сваё месца ў жыцці. Зараз пра свае радасці і клопаты дзядулю распавядае маленькая ўнучка.

— Сапраўдны чалавек працы, — гаворыць пра Леаніда Зайцава в. а. дырэктара ААТ “Аграсэрвіс” Леанід МАЦВЕЕЎ. – Сёлета ў таварыстве пасеяна тысяча гектараў азімых культур. Унёсак у гэту справу Леаніда Рыгоравіча – 80 %. Ён і араў, і дыскаваў, і сеяў. У   выкананні сельскагаспадарчых работ здалёк відаць яго гаспадарская рука. Такіх людзей хочацца ставіць у прыклад для іншых.

Дарэчы, сёлета Леанід Зайцаў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Да тэмы

У сувязі з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ганаровымі граматамі райвыканкама таксама ўзнагароджаны аператар машыннага даення ААТ “Новая Друць” Наталля КРАЎЧАНКА, трактарыст-машыніст ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Міхаіл БАРЫСЕНКА, слесар па рамонце і абслугоўванні малочнага абсталявання ААТ “Бялынічы” Сяргей ПЕСЕНКА, аператар лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” Алена ЛЫСЬКОВА.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *