Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Кадаценка ў мінулую пятніцу завітаў да жыхароў вёскі Заполле

У рамках графіка штомесячных сустрэч кіраўнічых работнікаў райвыканкама, дэпутатаў райсавета з працоўнымі калектывамі і па месцы жыхарства насельніцтва старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай КАДАЦЕНКА ў мінулую пятніцу завітаў да жыхароў вёскі Заполле.

Безимени-1

 

Падчас сустрэчы кіраўнік раёна закрануў самыя розныя тэмы жыццезабеспячэння вясковага насельніцтва, акцэнтаваўшы пры гэтым увагу прысутных на тым, што, вобразна кажучы, кожны чалавек з’яўляецца кавалём свайго шчасця. Іншымі словамі, шлях да ўласнага дабрабыту пракладае толькі руплівая праца. І рабіць кожнаму на сваім працоўным месцы трэба вынікова і якасна: будзем добра працаваць —будзем і добра жыць.

Старшыня райвыканкама таксама праінфармаваў прысутных на сустрэчы аб тым, што па выніках дзевяці месяцаў бягучага года сярэдні ўзровень штомесячнай зарплаты па раёне склаў 679,9 рубля і ў адпаведным абласным рэйтынгу займае чацвёрты радок зверху. Па заробках бялынічане абышлі нават буйнапрамысловы Бабруйск. І рэзервы росту зарплаты ў раёне далёка не вычарпаны, перакананы Мікалай Кадаценка.

– Канечне, плацяць не за тое, што прыйшоў на працу, – заўважыў ён. – А за тое, што зрабіў канкрэтна. Зарплату трэба зарабляць, і ўраўнілаўкі тут не павінна быць. Сёння чалавек, які старанна працуе, выконвае і перавыконвае даведзеныя паказчыкі, незаўважаным не застаецца. У раёне праходзіць шмат мерапрыемстваў, урачыстасцей, на якіх ушаноўваюцца перадавікі ўсіх сфер і галін эканомікі. Чарговая з іх – з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, дзе будуць адзначаны і ўганараваны руплівыя працаўнікі вёскі.

Зараз практычна кожны мае магчымасць яшчэ і падзарабіць грошай, займаючыся, напрыклад, рамесніцтвам, рукадзеллем,  аграэкатурызмам. Беларускае заканадаўства ў сферы працоўных адносін, прадпрымальніцкай дзейнасці пастаянна ўдасканальваецца, забяспечваючы магчымасці развіваць уласную справу.

Яшчэ адна тэма сустрэчы – навядзенне парадку на зямлі. Кожны гаспадар прысядзібнага ўчастка павінен навесці на ім належны парадак, паўдзельнічаць ва ўборцы месцаў агульнага выкарыстання, у тым ліку і могілак. Замацаваныя за імі працоўныя калектывы арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, падкрэсліў старшыня райвыканкама, абавязаны дапамагчы вяскоўцам навесці на грамадзянскіх могілках парадак, што азначае адно: працаваць павінны разам, сумесна.

Навядзенне парадку на зямлі не з’яўляецца самамэтай, гэта жыццёвая неабходнасць, якая наўпрост звязана з пажарнай бяспекай. У кожным паселішчы яшчэ ёсць пакінутыя зямельныя надзелы, безгаспадарчыя трухлявыя будынкі. Да слова сказаць, толькі за апошнія чатыры гады ў вёсках раёна знесена 1 тысяча такіх пабудоў. І праца ў гэтым кірунку прадаўжаецца. Аднак і кожны гаспадар сядзібы павінен навесці парадак не толькі на сваім падворку, але і прайсціся з касой ды граблямі вакол яго, бо сухая трава можа лёгка ўспыхнуць ад кінутай у яе непатушанай запалкі альбо недакурка. А вецер сваю нядобрую справу ў гэтым выпадку абавязкова зробіць.

Старшыня райвыканкама заклікаў усіх прысутных быць нераўнадушнымі да негатыўных праяў і аднавяскоўцаў з асацыяльнымі паводзінамі.

– Сёння ў нашым жыцці практычна ўсё залежыць ад кожнага з нас, – сказаў Мікалай Кадаценка. – І бяспека, і дастатак, і ўтульнасць ды прывабнасць таго месца, дзе жывём. Рэцэпт адзін, і ён не новы: трэба якасна працаваць, і пачынаць гэта рабіць з сябе. Неабходны мінімум ёсць, астатняе робім, ствараем самі. Сабраліся, абмеркавалі, прынялі рашэнне… Кожны жыве і робіць для сябе. А тое, што мясцовая ўлада абавязана зрабіць, абавязкова будзе зроблена.

Мікалай Кадаценка даў падрабязныя адказы на ўсе пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Напрыклад, адна з жанчын запыталася, куды трэба звярнуцца, каб атрымаць арэнднае жыллё?

– У райвыканкамаўскую службу “Адно акно”. Пасля здачы ў эксплуатацыю дома адпаведная інфармацыя размяшчаецца на сайце раённага выканаўчага камітэта. Пасля гэтага можна звяртацца з заявамі, рашэнне прымаецца ў парадку тэрмінаў іх падачы. Калі ёсць грошы, можна пабудаваць у шматкватэрным доме і ўласную кватэру. І такія прыклады маюцца ў Бялынічах.

На пытанне аб суадносінах дзяржаўнай датацыі і платы насельніцтва за выкарыстаныя жыллёва-камунальныя паслугі адказаў дырэктар БУКП “Жылкамгас” Віктар Івулёў. Паводле яго інфармацыі, зараз насельніцтва раёна аплачвае толькі 30 працэнтаў кошту такіх паслуг.

Падключыўся да размовы і начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ, які прадоўжыў тэму пажарнай бяспекі. Паводле яго інфармацыі, сёлета ў пажарах загінулі 367 (у тым ліку і чацвёра дзяцей) жыхароў Беларусі, у Магілёўскай вобласці бязлітасны агонь забраў жыцці 52 чалавек. На Бялыніччыне адбыліся 16 пажараў, ад якіх загінулі 4 чалавекі, у тым ліку ў Запольскім сельсавеце –  1 пажар і смерць аднаго чалавека.

Начальнік РАНС парэкамендаваў прысутным на ацяпляльны перыяд прызапасіць вядро з глінай, каб пры патрэбе замазаць ёй шчыліну ў печы, неабходна таксама    агледзець коміны, абсталяваць жыллё аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Ён таксама заклікаў прысутных праявіць асаблівую ўвагу на паводзіны дзяцей і дарослых на першым лёдзе, якім неўзабаве пакрыецца мясцовае возера і даў канкрэтныя рэкамендацыі, як выбрацца з палонкі.

У гэты дзень, у адпаведнасці з графікам (надрукаваны ў “Зары над Друццю” ў № 86 за 1 лістапада), такія сустрэчы з працоўнымі калектывамі і па месцы жыхарства насельніцтва таксама правялі шэраг кіраўнічых работнікаў райвыканкама і дэпутаты раённага Савета дэпутатаў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *