Бялынічанін Дзмітрый Кунічнікаў прыняў удзел у сусветным фестывалі моладзі і студэндаў у Сочы

На Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які адбыўся ў кастрычніку ў Сочы, сярод прадстаўнікоў нашай краіны быў і бялынічанін Дзмітрый КУНІЧНІКАЎ.

Дима

Пасля заканчэння СШ № 1 Дзмітрый паступіў у БДУІР і зараз вучыцца на чацвёртым курсе.

З першага курса ён актыўна праяўляе сябе ў грамадскім жыцці навучальнай установы, удзельнічае ў працы студэнцкіх будатрадаў, а летась паспрабаваў сябе і ў ролі камандзіра студатрада на галоўнай будаўнічай пляцоўцы краіны – Беларускай АЭС у Астраўцы. Дарэчы, тады атрад Дзмітрыя заняў другое месца ў конкурсе на лепшы студатрад, а сам юнак заваяваў ганаровае званне лепшага камандзіра. Сёлета студэнты БДУІРа працавалі ў Санкт-Пецярбургу на будаўніцтве дзіцячай школы танцаў. Наогул, па словах Дзімы, за чатыры гады вучобы ні адзін конкурс БРСМ не абыходзіўся без яго ўдзелу. Студэнт паспеў паспрабаваць сябе як у ролі ўдзельніка, так і арганізатара іх. Менавіта дзякуючы такой актыўнай жыццёвай пазіцыі Дзмітрый увайшоў у склад беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў.

– Для ўдзелу ў фестывалі мяне выбралі ад універсітэта, – расказаў ён. – У ВНУ бачаць маю актыўнасць і адказнасць ва ўсіх студэнцкіх ініцыятывах, таму вырашылі заахвоціць.

Усяго беларуская дэлегацыя налічвала 300 чалавек. Гэта маладыя людзі з розных куткоў нашай краіны. І вельмі прыемна, што сярод іх аказаўся і наш зямляк.

За восем дзён фестывалю Дзмітрый наведаў мноства лекцый, звязаных са сваёй будучай прафесіяй, меў зносіны з прадстаўнікамі іншых краін, расказваў ім пра Беларусь, Бялынічы.

– Засталося шмат уражанняў, станоўчых эмоцый, – прыгадвае Дзмітрый. – Было вельмі цікава і пазнавальна. Пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей. Больш за ўсё мяне здзівіла тое, што з 180 краін, прадстаўнікі якіх прымалі ўдзел у фестывалі, наша каманда была адзінай, апранутай у аднолькавыя касцюмы. Лічу, што гэта была добрая задумка – так мы вылучаліся сярод іншых.

Дзмітрый задаволены, што яму выпаў такі шанец. Спыняцца на дасягнутым не збіраецца. Па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця, а зусім нядаўна стаў сумяшчаць вучобу з працай.

фестиваль

Марыя ШУТ.

Фота

з асабістага архіва.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *