Трыццаць гадоў Алена Лыськова шчыруе ў сыраробнай галіне

лысьДа Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую плённую працу ўзнагароджана аператар лініі па вырабе харчовай прадукцыі цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” Алена ЛЫСЬКОВА.

Вось ужо трыццаць гадоў, як яна шчыруе ў сыраробнай галіне. У 1987 годзе Алена Рыгораўна прыйшла працаваць на сыраробны завод пасля заканчэння Слуцкага тэхнічнага вучылішча № 97 харчавікоў. Пачынала рабіць майстрам-сыраробам, а з 2007 года пераведзена аператарам лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі.

– Мая праца мне падабаецца, напэўна, таму і працую ўжо тры дзясяткі гадоў на адным месцы, – распавядае Алена Лыськова. – Яна, канечне, напружаная, вельмі адказная: кожная дробязь у тэхналагічным працэсе патрабуе вялікай увагі. Заўсёды хочацца, каб атрыманая прадукцыя не толькі адпавядала ўсім патрабаванням і стандартам, але і падабалася людзям.

Дома жанчыне сядзець без справы таксама не прыходзіцца: дапамагае дачцэ даглядаць дваіх маленькіх дзетак.

Старшы майстар цэха па вытворчасці сыроў Зінаіда МАРДАЧОВА, якая працуе з Аленай Рыгораўнай ужо шмат гадоў, на нашу просьбу распавесці, якімі працоўнымі якасцямі тая вылучаецца, адказвае:

– Перш за ўсё – стараннасць і добразычлівасць. Таксама яна імкнецца дзяліцца ўласным вопытам і навыкамі: заўсёды бярэ на навучанне стажораў.

Пры вытворчасці сыра важна не толькі захоўваць тэхналогію, але і праводзіць разлік суадносін сыравіны і дабавак. Сыр варыцца ў катлах каля трох гадзін, а прадукцыйнасць за дзень складае аж 20 тон. І ўсё гэта праходзіць праз працавітыя рукі Алены Рыгораўны.

Алена Быкава.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *