З новым тэлефонам

Як атрымалася, што жыхарка в. Вялікі Кудзін Таццяна В. (імёны і прозвішчы герояў матэрыяла зменены) вярнулася дадому з прадуктовага магазіна з новым тэлефонам, растлумачыць складана.

Жнівеньскай раніцай жанчына прыехала ў Бялынічы па асабістых справах. І калі зрабіла ўсё, што запланавала, перад ад’ездам у вёску накіравалася за пакупкамі ва ўніверсам “Ластаўка”.

На той момант, калі жанчына заходзіла ў краму, у яе руках былі дамская сумка і ключы з бірулькай ад аўтамабіля. Таццяна ўзяла кошык і адправілася па радах гандлёвай залы, выбіраючы патрэбныя тавары. Праходзячы міма стэлажа з цукрам, яна ўбачыла на адным з пакетаў мабільны тэлефон. Доўга не думаючы, Таццяна паклала мабільны тэлефон у свой кошык і спакойна пайшла разглядаць тавары на прылаўках універсама. Падчас гэтага яна пераклала мабільны тэлефон з кошыка ў сваю сумачку, запоўніла кошык прадуктамі і накіравалася да касы, дзе разлічылася за тавар і адправілася дадому.

Па прыездзе Таццяна разгледзела “пакупку” і паклала смартфон у паліцу трумо. Але доўга праляжаць яму там не ўдалося. Вечарам да яе завіталі супрацоўнікі міліцыі, каб пацікавіцца пра новы тэлефон. Жанчына ў разгубленасці расказала ўсю праўду. У той момант яна нават і не падазравала, што ва ўніверсаме ўстаноўлены камеры відэаназірання. Але растлумачыць, што кіравала яе дзеяннямі ў момант крадзяжу, жанчына не змагла.

Як аказалася, прапажу тэлефона сапраўдная гаспадыня заўважыла хутка. Ганна М. з’яўляецца супрацоўніцай універсама “Ластаўка”. У той дзень яна выкладала тавар у гандлёвай зале, а тэлефон паклала на стэлаж з цукрам.

Скончыўшы выкладку, Ганна вярнулася на касу і адразу ж зразумела, што тэлефон забылася на стэлажы. Але, калі вярнулася, яго там не знайшла і адразу патэлефанавала ў міліцыю.

Сваімі дзеяннямі Таццяна В. зрабіла злачынства, прадугледжанае арт. 205 ч. 1 КК РБ (крадзеж). Віну ў зробленым жанчына прызнала цалкам.

Таццяна КОЗЫРАВА,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *