Алкаголь затуманіў розум

Ужыванне алкагольных напояў нікога не даводзіла да дабра. Наадварот, толькі дадавала праблем. Асабліва страшна тое, што спіртное зараз пачалі актыўна ўжываць і жанчыны.

Жыхарка в. Масцішча Ганна Р. не лічыла, што ў яе маюцца праблемы з алкаголем. Тым больш не саромелася ў вольны час “прыкласціся” да бутэлькі. Вось і цёплым жнівеньскім днём яна купіла ў магазіне бутэльку віна, якую дома адразу ж выпіла. Унутры стала прыемна, і Ганна пачала займацца дамашнімі справамі. Але працоўнага запалу хапіла ненадоўга, душа патрабавала свята. Жанчыне вельмі захацелася піва, і яна адправілася ў вясковы сельмаг, да закрыцця якога заставалася паўгадзіны.

— Дай у доўг бутэльку піва, — папрасіла яна прадаўца. Тая адмовіла. Ганна ўжо не аднойчы пазычала ў гандлёвай кропцы прадукты харчавання, а грошы вяртала не хутка.

— Калі не пойдзеш па-добраму, патэлефаную ў міліцыю! – папярэдзіла яе прадавец. Але жанчына зрабіла выгляд, што не пачула, схапіла жаданую бутэльку з півам з паліцы і выбегла на вуліцу.

Прадавец набрала нумар міліцыі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Ганну літаральна каля самага дома. Яна нават не паспела адкрыць скрадзенае піва.

За зробленае ў стане алкагольнага ап’янення правапарушэнне Ганне Р. прызначана пакаранне ў выглядзе 60 гадзін грамадскіх работ і прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Людміла РАБЧАНКА,

следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *