Амаль пятнаццаць гадоў запар пасаду сацыяльнага педагога ў СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага займае Алена Максіменка
Сярод педагогаў, якія з дня ў дзень перадаюць вучням веды, ёсць адзін, які менш прыкметны за астатніх. Гэты настаўнік не пытае, ці зрабілі вучні дамашняе заданне, не ставіць адзнакі… Ён дапамагае і падтрымлівае дзяцей, сем’і якіх трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Гэта – сацыяльны педагог. Амаль пятнаццаць гадоў запар такую пасаду ў СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага займае Алена МАКСІМЕНКА.
Пра тое, што звяжа сваё жыццё з такой прафесіяй, Алена Васільеўна нават і не здагадвалася. Пасля заканчэння Вішоўскай СШ дзяўчына паступіла на філалагічны факультэт МДУ імя А.А. Куляшова. Дыплом ВНУ даў ёй магчымасць працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры з правам выкладання рускай мовы і літаратуры. Пасля ўніверсітэта маладую настаўніцу размеркавалі на пасаду сацыяльнага педагога ў СШ № 37 Магілёва.
– Праца гэта нялёгкая, часам і няўдзячная, – расказала Алена Максіменка. – Розныя ёсць дзеці і бацькі. Да кожнага трэба знайсці свой падыход, каб наладзіць кантакт. Але, нягледзячы на ўсё гэта, я не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі.
Па словах Алены Васільеўны, адразу ёй было вельмі складана. Яна прайшла курсы, маральна падрыхтавала сябе да новага месца працы і паступова прывыкла да сваёй дзейнасці. Такая прафесія патрабуе ад чалавека камунікабельнасці: неабходна ўздзейнічаць на чалавека з дапамогай размовы, што ў Алены Максіменка атрымліваецца нядрэнна.
Працы ў сацыяльнага педагога хапае: трэба і прафілактычныя лекцыі прачытаць, і своечасовае анкетаванне правесці, і за вучнямі, якія стаяць у яе на ўліку, прасачыць. Дарэчы, у дадзены момант дваццаць школьнікаў з пятнаццаці сем’яў знаходзяцца на кантролі ў Алены Васільеўны.
– Лічу, першае, што павінен зрабіць сацыяльны педагог, калі прыходзіць зранку на працу, – праверыць прысутнасць гэтых дваццаці вучняў, – падкрэсліла Алена Максіменка. – У гэтым, безумоўна, мне дапамагаюць класныя кіраўнікі. Яны большую частку часу праводзяць з гэтымі дзеткамі і, адпаведна, ім лепш відаць настрой дзіцяці, знешні выгляд і падрыхтоўка да заняткаў. Таму першыя “званочкі” паступаюць ад класных кіраўнікоў. Яны паведамляюць мне, якому вучню трэба надаць больш пільную ўвагу, пагаварыць з ім, наведаць сям’ю.
І калі на савеце прафілактыкі прымаецца рашэнне аб пастаноўцы канкрэтнага дзіцяці на ўлік, заводзіцца ўлікова-прафілактычная справа, якая ўключае ў сябе характарыстыку навучэнца, выпіску з пасяджэння савета прафілактыкі, акты абследавання жыллёвых умоў і іншае.
Раз на тыдзень Алена Максіменка разам з класнымі кіраўнікамі, псіхолагам або членам камісіі па справах непаўналетніх наведвае ўсе сем’і, якія патрабуюць увагі.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.