Аператар машыннага даення кароў ААТ «Новая Друць» Наталля Краўчанка ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама

КравченкоРаннія пад’ёмы і праца да змяркання… Напэўна, кожны работнік сельскай гаспадаркі зразумее аператара машыннага даення кароў ААТ “Новая Друць” Наталлю КРАЎЧАНКА, за плячыма якой дваццаціпяцігадовы стаж у гэтай прафесіі.

Па-іншаму лёс жанчыны скласціся не мог – вырасла яна ў сям’і сельгасработнікаў. Маці ўсё жыццё адпрацавала даяркай, бацька – жывёлаводам. Вось і Наталля разам з сястрой вырашылі пайсці па слядах матулі. Пяць гадоў яны рабілі ў саўгасе-камбінаце “Горкі”, а ў 2005 годзе, па парадзе знаёмых, з сем’ямі пераехалі ў аг. Вялікая Машчаніца. Дарэчы, сыны Наталлі Міхайлаўны таксама звязалі жыццё з сельскай гаспадаркай. Старэйшы ўжо нават практыку праходзіў у ААТ “Новая Друць”.

Цяпер Наталля Краўчанка шчыруе на МТК “Стараселле”.

– Вельмі цяжка, – прызнаецца Наталля Міхайлаўна. – За змену ўтрох павінны падаіць восем соцен кароў. Яны – жывыя істоты, таму паводзяць сябе па-рознаму. Калі ў мяне няма настрою, то і рагулі пачынаюць нервавацца і не слухаюцца. Стараюся прыходзіць на працу з пазітывам, каб выклікаць у буронак прыхільнасць да сябе.

На дадзены момант Наталля Краўчанка працуе ў другую змену, таму зранку трэба зрабіць усе хатнія справы, бо ўвечары на гэта часу ўжо не застанецца. У другой палове дня даярак забірае аўтобус і адвозіць на комплекс, а потым, пасля адпрацаванай змены, адпаведна, прывозіць дадому, дзе Наталлю Міхайлаўну чакае яшчэ і хатняя гаспадарка. Разам з мужам яны гадуюць курэй, свіней і іншую жывёлу. Жанчына прывыкла ўжо да такога рытму жыцця.

Дзякуючы стараннасці Наталля Краўчанка пастаянна дабіваецца ў сваёй прафесіі высокіх вынікаў.

– Наталлю Міхайлаўну можна ахарактарызаваць толькі са станоўчага боку, – адзначыла начальнік МТК “Стараселле” Валянціна БУЙНІЦКАЯ. – Гэта чалавек, які вылучаецца добрасумленнай працай. Да яе можна звярнуцца з любой нагоды і ведаць, што не падвядзе.

На раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Наталля Краўчанка была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.

– Гэта не першая мая ўзнагарода, але я, безумоўна, задаволена, што мая праца заўважана і ацэнена, – падзялілася яна ўражаннямі. – Хачу падзякаваць калегам, з якімі з дня ў дзень разам выконваю такую працу. З імі можна дасягнуць многага. У нас добры калектыў, усе падтрымліваем адзін аднаго.

Марыя ШУТ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *