На базе ФАКу “Друць” прайшла прафілактычная акцыя “Бялыніцкі раён – тэрыторыя здароўя”

На базе ФАКу “Друць” прайшла прафілактычная акцыя “Бялыніцкі раён – тэрыторыя здароўя”. На працягу трох гадзін у бялынічан была магчымасць пракансультавацца ў медыкаў і проста добра правесці вольны час.

Безимени-1

Гэта акцыя праводзіцца ўжо не ўпершыню, таму з лёгкасцю можна назваць яе традыцыйнай. Жыхары горада загадзя ведалі пра яе, таму ў ФАКу ў той дзень было шматлюдна.

Адкрыў мерапрыемства артыст РЦК Дзяніс ДЗЕРАВЯШКІН, які праспяваў песню “Беларусь” і тым самым падарыў усім добры настрой і зарадзіў пазітывам. З прывітальным словам звярнуліся да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК і галоўны ўрач райЦГЭ  Алена ДАМАРАЦКАЯ, якія адзначылі значнасць акцыі, а таксама пажадалі ўдзельнікам спаборніцтваў перамог і высокіх дасягненняў.

– Дэвіз сённяшняга мерапрыемства: “Моладзь за здаровы лад жыцця”, – адзначыла Алена Ігараўна. – Сусветная арганізацыя аховы здароўя звяртае ўвагу на тое, што здароўе чалавека толькі на дзесяць працэнтаў залежыць ад медыцыны, на 20 – ад экалогіі, яшчэ на 20 – ад спадчыннасці, а астатнія 50 працэнтаў – ад вядзення здаровага ладу жыцця. Таму заклікаю нашу моладзь быць актыўнымі, менш паддавацца ўплыву шкодных звычак і знайсці сабе занятак па душы.

Далей у спартыўнай зале прайшлі канцэртная праграма “Здорава здаровым быць”, віктарыны з удзельнікамі акцыі і гледачамі, якія арганізавалі работнікі РЦК і МЦ “Ветразь”, аматары спорту маглі атрымаць асалоду ад спаборніцтваў па міні-футболе сярод маладзёжных каманд РАНС, РАУС, Дэпартамента аховы МУС і каманды ветэранаў “ВДВ”.

Прысутныя актыўна наведвалі міні-паліклініку ЦРБ, дзе кансультацыйны прыём правялі ўрачы кардыёлаг, тэрапеўт, анколаг, эндакрынолаг і стаматолаг. Таксама ў той дзень у бялынічан была ўнікальная магчымасць  здаць агульны аналіз крыві  на халестэрын, глюкозу, анкамаркеры, гармоны шчытападобнай залозы, глікіраваны гемаглабін, алергены са зніжкай за паслугу на 50 %.

струн

Таксама ўсе жадаючыя маглі памерыць артэрыяльны ціск, вызначыць індэкс масы цела, зрабіць электракардыяграму.

кард

Не застаўся па-за ўвагай і фіта-бар раённай бібліятэкі “Лячэбныя травы”. Больш за дзясятак траў для гарбаты прапаноўвалі прысутным бібліятэкары Алена ГРЫБАЙЛАВА і Жанна САНЬКОВА.

– Большасць з гэтых траў мы сабралі і высушылі самі, – расказалі жанчыны. – Ну, а тыя, якія не растуць на нашых землях, купілі ў аптэцы.

Па душы прыйшліся і прысмакі міні-буфета райста, які працаваў побач з фіта-барам.

Увагу маленькіх наведвальнікаў прыцягнулі конкурс крыжаванак “Стыль жыцця – здароўе” філіяла дзіцячай бібліятэкі, стэндавая выстава “Майдадыр” і віктарына “Азбука здароўя” райЦГЭ, а таксама маляўнічыя і змястоўныя памяткі, буклеты і кніжкі па папярэджанні пажараў, якія раздаваў дзецям супрацоўнік РАНС Ілья ЦІКУНОЎ за правільныя адказы на яго пытанні.

мойд

рис

Падлеткі ж актыўна прымалі ўдзел у антытытунёвым патрулі РЦК “Меняю сигарету на конфету” і “Забей на сигарету”, дзе ім літаральна прапаноўвалі забіць цвік у велізарную цыгарэту. Таксама не засталася па-за ўвагай праца стралковага ціра “Трапны снайпер”.

Вялікую колькасць гледачоў сабралі каля сябе выхаванцы школы мастацтваў падчас майстар-класа па маляванні “Спорт – наш лепшы сябар”, які праводзіла настаўніца выяўленчага мастацтва ДШМ Лілія ВОЙЛАКАВА. А ў басейне ФАКу падчас мерапрыемства праходзілі спаборніцтвы па плаванні сярод школьнікаў розных узростаў “Залатая рыбка”.

Напрыканцы акцыі пераможцы спаборніцтваў па міні-футболе і плаванні, а  таксама конкурсу малюнкаў    атрымалі граматы, памятныя сувеніры, салодкія прызы і каштоўныя падарункі ад райЦГЭ і РК ГА “БРСМ”.

Прысутных было многа. Хтосьці прыйшоў загадзя, некаторыя падцягваліся пазней. Усе яны стараліся паўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах акцыі, і кожны ўзяў для сябе нешта карыснае.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *