З 13 па 19 лістапада праваахоўнікі склалі 27 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 13 па 19 лістапада праваахоўнікі склалі 27 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 12, за сямейны скандал – 5, дробнае хуліганства – 4, дробны крадзёж – 4, лжывы выклік – 2.

Сівізна ў бараду. 79-гадовы бялынічанін патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся на 85-гадовую жонку, якая пагражае яму і выганяе з дому. Праваахоўнікі разгледзелі тонкасці справы і выдалі адміністрацыйны пратакол… скаржніку.

Крымінальная “Ластаўка”. Два крадзяжы за два дні адбыліся ва ўніверсаме “Ластаўка”.    15 лістапада жанчына вынесла з гандлёвай залы бутэльку “Аліварыі”, а на наступны дзень камера відэаназірання зафіксавала, як невядомы мужчына скраў гронку вінаграду. Жанчына, асоба якой была хутка ўстаноўлена, атрымала адміністрацыйны пратакол. Па другім факце крадзяжу праводзіцца праверка.

Знаходка. Небяспечны “падарунак” мінулай вайны зноў нагадаў аб сабе. На тэрыторыі аднаго са складаў другаснай сыравіны райста была знойдзена міна.

Як не свая кроў… Бялынічанін патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паскардзіўся на сына, які скандаліць з ім, лаецца і спрабуе распачаць бойку. Супрацоўнікі міліцыі хутка навялі парадак у сям’і і выдалі бацьку-скаржніку адміністрацыйны пратакол.

Касі, каса. Жыхар Магілёва паведаміў у міліцыю аб тым, што невядомы залез у хлеў яго лецішча ў аг. Вялікая Машчаніца і скраў бензатрымер. Узбуджана крымінальная справа.

Ударылася. 18 лістапада ў ЦРБ паступіла жанчына з дыягназам: “выцятая рана левай галёнкі”. Пацярпелая паведаміла, што цялеснае пашкоджанне прычыніла сабе на МТФ в. Нежкаў.

Ходзяць тут розныя. У дзяжурную службу РАУС паступіў званок ад дыспетчара ДЭУ-74, які паведаміў, што на дарозе Бялынічы-Шклоў знойдзены збіты лось.

Калі ехаць, то – дарма! Вадзіцель таксі патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паскардзіўся, што яго пасажыры адмаўляюцца аплаціць праезд.

Усё спатрэбіцца! Жыхар Прыхабаў паскардзіўся праваахоўнікам на тое, што невядомы скраў кола з гужавой павозкі, якая стаяла на прысядзібным участку. Праводзіцца праверка.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *