Кожны кандыдат у дэпутаты на мясцовых выбарах зможа мець да пяці давераных асоб

Кожны кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання зможа мець да пяці давераных асоб. Такую інфармацыю размясціў Цэнтрвыбаркам Беларусі.

000020_1511770852_big

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе ажыццяўляцца з 10 снежня па 8 студзеня, прычым 8 студзеня — гэта апошні дзень здачы дакументаў. Непасрэдна рэгістрацыя будзе праводзіцца з 9 па 18 студзеня адпаведнымі акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі.

Затым пачынаецца перыяд перадвыбарнай агітацыі. Для гэтых мэт кандыдаты маюць права выкарыстоўваць СМІ, вырабляць і распаўсюджваць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі і ажыццяўляць агітацыю ў іншых формах.

«Дапамогу ў правядзенні агітацыйнай кампаніі кандыдатам у дэпутаты мясцовых Саветаў аказваюць іх давераныя асобы. Давераных асоб можа быць да пяці ў кандыдата», — гаворыцца ў паведамленні ЦВК.

За кошт бюджэтных сродкаў акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі вырабляюцца агульныя плакаты з біяграфічнымі данымі кандыдатаў для размяшчэння на тэрыторыях выбарчых акруг. Таксама за кошт сродкаў бюджэту вырабляюцца і накіроўваюцца ўсім выбаршчыкам інфармацыйныя матэрыялы аб прэтэндэнтах на дэпутацкую пасаду.

Можна на бязвыплатнай аснове скарыстацца прадастаўленымі памяшканнямі для сустрэч з выбаршчыкамі. Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў будуць мець магчымасць бясплатна выступіць па дзяржаўным радыё.

Для самастойнага фінансавання дадатковых мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі дазваляецца ствараць уласныя выбарчыя фонды ў наступных памерах: кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў — да 30 базавых велічынь (адна БВ складае Br23); кандыдаты ў дэпутаты іншых Саветаў — да 10 базавых велічынь.

Вылучэнне на мясцовых выбарах у Беларусі праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Самавылучэнцам неабходна падтрымка: не менш як 150 выбаршчыкаў — у абласны, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў; не менш як 75 выбаршчыкаў — у раённы, гарадскі (гарады абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў; не менш як 20 выбаршчыкаў — у гарадскі (гарады раённага падпарадкавання), пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў назначаны ў Беларусі на 18 лютага 2018 года.

БелТА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *