У аддзеле ЗАГСу прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Ружовыя вяселлі”

У аддзеле ЗАГСу прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Ружовыя вяселлі”, на якім былі замацаваны шлюбы, заключаныя дзесяць гадоў назад.

розов2

10 год – першы знамянальны юбілей. Ён завецца “алавянным”, або “ружовым вяселлем”, з-за таго, што волава сімвалізуе гнуткасць, якую муж і жонка выпрацоўваюць у адносінах адзін да аднаго з цягам часу, а ружовы колер – іх бясконцае каханне.

– Правядзенне такога мерапрыемства накіравана, у першую чаргу, на ўмацаванне сям’і і захаванне духоўных традыцый родавых адносін, – распавяла начальнік аддзела ЗАГСу Наталля ЛАЗОЎСКАЯ. – Хай да “залатога вяселля” яшчэ далёка, але фундамент для наступных гадоў шчаслівага сумеснага жыцця ўжо закладзены. Зноў правядзем такую ўрачыстасць, калі будуць жадаючыя, таму запрашаем усіх прыняць у ёй удзел і загадзя звярнуцца ў ЗАГС.

Сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел Дзмітрый і Марына АЛЁХІНЫ, Іван і Ірына БЯЛЯЎЦАВЫ, Валерый і Наталля ЛАЗОЎСКІЯ. У адпаведнасці з ружовымі ці, як іх яшчэ называюць, алавянымі вясельнымі традыцыямі, маладыя далі згоду працягваць свой сумесны шлях. Жанчыны – захавальніцы хатняга ачага– далі клятву кахання і вернасці, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, якія сімвалізуюць сямейны ачаг, што ўпершыню пачаў гарэць дзесяць гадоў таму. “Ружовыя вяселлі” былі зарэгістраваныя ў спецыяльнай актавай кнізе. Былі паўтораны і традыцыйныя абрады сапраўднага вяселля: сямейныя пары вызначалі, хто ў доме галоўны, адломваючы кавалкі ад каравая, а таксама танцавалі першы танец маладых.

– Адчулі тое ж самае, што і дзесяць гадоў назад, – нават рукі дрыжэлі гэтак жа. Хоць за гэты час шмат што змянілася: сям’я павялічылася, з’явіліся дачка Ксенія і сын Яўген, – падзялілася ўражаннямі Марына Алёхіна. – А будучым удзельнікам такіх мерапрыемстваў хачу пажадаць галоўнага: кахання.

Алена БЫКАВА.

Фота прадастаўлена аддзелам ЗАГСу райвыканкама.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *