На старонках раённай газеты “Зара над Друццю” працягваецца рэалізацыя творчага праекта “Гонар школы і бацькоў”

На старонках раённай газеты “Зара над Друццю” працягваецца рэалізацыя творчага праекта “Гонар школы і бацькоў”, дзе мы распавядаем пра лепшых вучняў школ раёна. На гэты раз героямі публікацыі сталі дзевяцікласнікі Машчаніцкай СШ Аляксандра ТАЧЫЛАВА і Міхаіл САВЕЛЬЕЎ.

клас

Усмешлівыя, дружныя, яны не толькі выдатна вучацца, але і актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці. 9 клас Машчаніцкай СШ налічвае ўсяго 4 чалавекі, і гэта акалічнасць таксама аказвае свой уплыў: Міша і Саша ведаюць, што ахвотных абараняць гонар роднай навучальнай установы не так і многа, а значыць, на іх плечы кладзецца вялікая адказнасць.

— Без іх удзелу не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства, — гаворыць класны кіраўнік Святлана СВІРЭЙКА. – І ў класе Міша і Саша не проста вучні, а мае галоўныя памочнікі. Да таго ж, яны маюць высокія адзнакі па ўсіх прадметах і з’яўляюцца выдатным прыкладам для ўсіх вучняў школы. А яшчэ рабяты вельмі цесна сябруюць паміж сабой і ў любой справе стараюцца падтрымаць адзін аднаго. Аляксандра, напрыклад, рыхтавалася да раённага этапа алімпіяды па беларускай мове, а Міша — да КВЗ “Юныя выратавальнікі жартуюць”. Нягледзячы на сваю загружанасць, Саша таксама захацела ўдзельнічаць і ў КВЗ. У выніку, вучні дастойна прадставілі сваю школу на раённым конкурсе і атрымалі дыплом за актыўны ўдзел.

— Мы з Мішам – адна каманда, — шчыра ўсміхаецца Аляксандра. – Заўсёды з задавальненнем выконваем усе даручаныя грамадскія абавязкі. І вучыцца люблю. Са школьных прадметаў асабліва падабаюцца біялогія, матэматыка, беларуская і руская мовы, літаратура. У мінулым годзе на раённым этапе алімпіяды па беларускай мове заняла трэцяе месца.

Дети

Яшчэ адно захапленне Аляксандры – тэатр. Дзяўчынка ахвотна ўдзельнічае ў школьных пастаноўках, і таксама наведвае тэатральны гурток пры Машчаніцкім сельскім клубе. Сёлета рэжысёр Святлана БУЙНІЦКАЯ задзейнічала яе ў п’есе “Дванаццаць месяцаў”.

— У будучым мару звязаць сваё жыццё з творчай дзейнасцю, — расказвае Саша. – Вельмі падабаецца акцёрская справа, але з будучай прафесіяй канчаткова не вызначылася. Адно, у чым абсалютна ўпэўнена – яна будзе творчай!

сценка

Міхаіл Савельеў з аптымізмам глядзіць у сваю будучыню.

— Пасля дзявятага класа буду паступаць у кадэцкае вучылішча, — распавядае падлетак. – Там патрэбна здаваць экзамены, прытрымлівацца строгага распарадку дня, але гэта мяне зусім не бянтэжыць. Вядома, буду сумаваць па школе, па сябрах і настаўніках.

— Веру, што ў Аляксандры і Міхаіла ўсё атрымаецца, — далучаецца да размовы завуч Машчаніцкай СШ Наталля КУШНЕР. – Вельмі прыемна гаварыць аб іх, як аб лепшых вучнях школы. Таксама Міша і Саша з’яўляюцца актывістамі нашай піянерскай дружыны імя Барыса Хігрына. У мінулым годзе яны атрымалі высокія месцы ў раённых піянерскіх конкурсах, а сёлета ўдзельнічалі ў абласным этапе конкурсу “Суперважаты” ў групе падтрымкі педагога-арганізатара школы Ірыны ЛАПАЦЕНТАВАЙ. Яна была адзначана Дыпломам ІІІ ступені, і ў гэтым дасягненні, безумоўна, ёсць вялікі ўклад нашых таленавітых дзетак.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара

і з архіва Машчаніцкай школы.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *