Дыябет пад кантролем

манкоУ прэс-цэнтры рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю” прэс-канферэнцыю і прамую тэлефонную лінію для жыхароў раёна правяла ўрач-эндакрынолаг ЦРБ Васіліна МАНЬКО. Тэмай размовы стала прафілактыка цукровага дыябету.

Чым небяспечны цукровы дыябет?

– Перш за ўсё, неабходна адзначыць, што ў ЦРБ на ўліку з дыспансэрным наглядам на 1 лістапада б. г. знаходзяцца 720 чалавек, якія пакутуюць на цукровы дыябет.

Гэта захворванне патрабуе пастаяннага кантролю, увагі і асаблівага ладу жыцця. Адхіленне паказчыка цукру ў крыві ад значэнняў нормы і адсутнасць кантролю за ходам хваробы могуць справакаваць развіццё сур’ёзных ускладненняў. Пры гэтым да моманту іх з’яўлення часта адсутнічаюць скаргі і боль. З-за высокага ўзроўню глюкозы ў крыві разбураюцца сасуды і нервовыя канчаткі. Таму важна своечасова кампенсаваць дыябет (узяць яго пад кантроль), каб прадухіліць незваротныя ўскладненні.

Кампенсацыя захворвання дазваляе пазбегнуць паражэння сасудаў нырак і вачэй, ног, сэрца, мозгу, наступствам чаго з’яўляюцца гангрэна ніжніх канечнасцей, інфаркт і інсульт. Паражэнне нервовых канчаткаў вядзе             да страты адчувальнасці і ўзнікнення трафічных язваў на нагах і, як вынік, ампутацыі. Кампенсуючы дыябет, таксама можна прадухіліць праблемы са страўнікава-кішачным трактам, мочапаловой сістэмай, развіццё астэапарозу (пералом костак).

– Вымяраю ўзровень глюкозы ў крыві 1-2 разы на месяц у паліклініцы, а ўрач рэкамендуе мне              карыстацца глюкометрам дома. Навошта?

(Марыя Ш., аг. Цяхцін)

– Гэта правільная рэкамендацыя. Узровень глюкозы не з’яўляецца пастаянным, ён мяняецца кожныя 3-5 хвілін. Вымяраючы глюкозу 1 — 2 разы на месяц, ды яшчэ раніцай нашча, нельга атрымаць праўдзівую інфармацыю пра ход дыябету, а значыць, кампенсаваць яго і пазбегнуць ускладненняў.

– У мяне ўвесь час высокі цукар, і доктар рэкамендуе перайсці на інсулін. Але я не хачу. Ці варта адмовіцца ад інсуліну?

(Юрый З., бялынічанін)

– Рэзерв бэта-клетак падстраўнікавай залозы не бясконцы, з часам яны высільваюцца і не могуць выпрацоўваць гармон інсуліну ў дастатковай колькасці, таму яго і трэба ўводзіць у арганізм. Доктар падкажа вам, калі гэты момант наступіць. Калі час упушчаны, вярнуць страчанае здароўе ўжо нельга. У тых, хто пастаянна кантралюе дыябет і мае добрую яго кампенсацыю, бэта-клеткі “жывуць” даўжэй. Высокі ўзровень глюкозы ў крыві спрыяе хуткаму пашкоджанню бэта-клетак, і колькасць інсуліну значна зніжаецца.

Інсулін – гэта не наркотык. Адмяніць яго прымяненне можна ў любы час, але пытанне ў тым, ці зможа пацыент без яго ў гэты момант падтрымліваць нармальны ўзровень глюкозы ў крыві. Тэарэтычна, адмена інсуліну магчыма пры выкананні дзвюх умоў: захаванасць уласнай функцыі падстраўнікавай залозы і значнае зніжэнне залішняй масы цела. У гэтым выпадку ўрач можа выключыць з лячэння дыябету інсулін.

– Тры гады таму мне паставілі дыягназ дыябет, а доктар ужо пераводзіць мяне на інсулін. Чытаў, што гэта адбываецца ў сярэднім праз 7-10 гадоў пасля ўзнікнення захворвання. Чаму так адбылося?

(Віктар С., г. Бялынічы)

– Вы маеце рацыю, але толькі часткова. Тэрмін у 7-10 гадоў адлічваецца з моманту з’яўлення дыябету, а не пастаноўкі дыягназу. З-за таго, што многія людзі не любяць наведваць урачоў, момант узнікнення дыябету бывае ўпушчаны. Прыблізна ў 30-40 % выпадкаў дыябет устаноўліваецца не своечасова, з часу яго ўзнікнення можа прайсці да пяці гадоў.

Хочацца адзначыць, што зараз цукровы дыябет больш не з’яўляецца захворваннем, якое пазбаўляе чалавека    магчымасці нармальна жыць, працаваць, займацца спортам, завесці сям’ю, нарадзіць дзяцей. Калі прытрымлівацца дыеты і правільнага рэжыму дня, пры сучасных магчымасцях лячэння інсулінам і таблетаванымі прэпаратамі людзі, якія пакутуюць на дыябет, могуць весці паўнавартаснае жыццё. Для гэтага таксама неабходна адмовіцца ад шкодных звычак, правільна харчавацца, больш рухацца і ў дакладнасці выконваць рэкамендацыі ўрача. І ў вас абавязкова атрымаецца ўзяць кантроль над дыябетам у свае рукі.

Гутарыў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *