І на зямлі, і ў дэпутацкім крэсле
Дэпутатская справа, калі ты жывеш у сельскай мясцовасці, у некаторым сэнсе нават больш адказная, чым у горадзе. Бо цябе ведаюць усе аднавяскоўцы. А як глядзець ім у вочы, калі абавязкі выконваюцца дрэнна?
Аб сваіх працоўных і грамадскіх буднях распавёў дэпутат Галоўчынскага сельсавета Раман КАЛЫВАНАЎ.
– Працую намеснікам дырэктара па раслінаводстве ў ААТ “Бялынічы”, – распавядае Раман Валянцінавіч. – Спраў, канечне, хапае. Але стараюся дапамагчы па меры сваіх сіл і магчымасцей. Людзі напрамую звяртаюцца рэдка, часцей ідуць адразу ў сельвыканкам ці ў адміністрацыю таварыства, а кіраўнік справамі Марына КАЎБОВІЧ перадае мне іх просьбы. Каб вырашыць нейкія пытанні, раблю ўсё, што ад мяне залежыць: узімку, калі снег трэба пачысціць, – знаходзім тэхніку і паліва, летам абкасіць участак – таксама.
Падчас нашай размовы высветлілася, што Раман не мясцовы. Калісьці яго дзед пасля смерці жонкі пераехаў у Беларусь з Архангельска, забраўшы з сабой траіх малодшых дзяцей. Двое старэйшых – маці і цётка Рамана – засталіся разам з ім у Расіі. Дзед ажаніўся ў другі раз – на жанчыне з пяццю дзецьмі.
Так склалася, што ў пачатку 1990-х эканамічныя ўмовы аказаліся вырашальнымі: у пошуках працы бацькі з Раманам пераехалі ў Віцебскую вобласць, бліжэй да сваёй радні, дзе і засталіся жыць.
– Пасля пераезду ў Беларусь не наведваў Архангельскую вобласць сямнаццаць гадоў. Потым прыехаў у родныя мясціны – і пазнаёміўся з жонкай “зноўку”: у дзяцінстве мы хадзілі ў адны дзіцячыя яслі-сад. Таму яна таксама адтуль, – распавядае Раман Валянцінавіч.
Раман Калыванаў атрымаў спецыяльнасць агранома ў БДСГА. Пасля смерці бацькі перабраліся з жонкай у Магілёўскую вобласць.
– Жыву ў Галоўчыне, таму і сам бачу нейкія праблемы, вырашаю іх, сыходзячы з магчымасцей,– распавядае Раман Валянцінавіч.
Добра, калі ёсць магчымасць зрабіць тое, што неабходна. А калі здараюцца сітуацыі складаныя, нават тупіковыя? Пра адзін такі выпадак з уласнай практыкі і распавёў дэпутат.
– Справа ў тым, што сельсавет павінен заворваць землі, якія больш не выкарыстоўваюцца як агароды. Аднойчы ў вёсцы Васількі трактарам узаралі ўчастак аднаго дачніка з нейкім, як падалося, пустазеллем. А калі гаспадар прыехаў на сваё лецішча, ахнуў. Аказалася, што на гэтым полі мужчына пасадзіў меданосную расліну мардоўнік. Ад грашовай кампенсацыі адмовіўся – патрабаваў, каб мы вярнулі насенне. Каштуе яно больш за сто долараў за кілаграм, а перадаць дачніку павінны былі шаснаццаць. На працягу цэлага месяца прыйшлося шукаць гэта насенне па ўсіх гаспадарках раёна. І, нарэшце, усё да кілаграма вярнулі гаспадару.
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.